Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскія школьнікі ўсё часьцей пераходзяць на расейскую


Падчас акцыі каля ўкраінскага парлямэнта (архіўнае фота)
Падчас акцыі каля ўкраінскага парлямэнта (архіўнае фота)

Кіеў паказвае сур’ёзнае зьніжэньне ўзроўню выкарыстаньня ўкраінскай мовы ў адукацыйным працэсе, заявіў намесьнік кіраўніка сакратарыяту Ўпаўнаважанага ў абароне дзяржаўнай мовы Ўкраіны Сяргей Сіраценка.

Вынікі маніторынгавага дасьледаваньня паказалі, што ў Кіеве, паводле словаў вучняў, 24% настаўнікаў на занятках і 40% на перапынках парушаюць моўны закон — карыстаюцца недзяржаўнай мовай. Сярэдні паказьнік ва Ўкраіне складае 14% і 21% адпаведна.

У апытаньні выявілася, што і самыя вучні парушаюць моўны закон — 66% гавораць па-расейску на занятках, 82% — на перапынках (ва Ўкраіне ў цэлым гэтыя лічбы істотна адрозьніваюцца: на занятках — 40%, на перапынках — 52%).

«Кіеў можна аднесьці да найбольш зрасейшчаных рэгіёнаў Украіны. Усе паказьнікі ніжэйшыя, чым у сярэднім у краіне. Маладое пакаленьне карыстаецца расейскай мовай нават часьцей, чым іхныя бацькі. Гэта сьведчыць пра сур’ёзны ўплыў краіны-агрэсара. Праз Інтэрнэт расейскія сацыяльныя сеткі ўплываюць на нашых дзяцей, фармуючы іх моўныя звычкі», — адзначыў Сяргей Сіраценка, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня.

У інтэрвію РБК-Украіна у верасьні 2025 году Ўпаўнаважаная ў абароне дзяржаўнай мовы Алена Іваноўская заявіла, што частка грамадзтва паступова вяртаецца да расейскай мовы, і гэта, на яе думку, небясьпечная тэндэнцыя.

Згодна з апытаньнем фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва» разам з сацыялягічнай службай Цэнтру Разумкова, апублікаваным у студзені, 78% рэспандэнтаў назвалі ўкраінскую мову роднай, дзесяць гадоў таму было 60%. Доля тых, хто назваў роднай мовай расейскую, складае 6% — дзесяць гадоў таму яна была значна вышэйшая: 15%.

Апытаньне праводзілі з 29 лістапада па 14 сьнежня 2024 году сярод 1518 рэспандэнтаў, якія жывуць на тэрыторыях пад кантролем ураду Ўкраіны, дзе няма баявых дзеяньняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG