Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мятла», «навагодні экспрэс», ШЫЗА: у Міжнародным камітэце ў расьсьледаваньні катаваньняў расказалі пра зьдзекі ў наваполацкай калёніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародны камітэт у расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі правёў грамадзкае расьсьледаваньне зьдзекаў з вязьняў у калёніі № 1 у Наваполацку. Яго вынікі камітэт агучыў 13 лістапада.

Падчас грамадзкага расьсьледаваньня супрацоўнікі Міжнароднага камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў апыталі 13 сьведкаў, якія адбывалі тэрмін у гэтай калёніі. Расьсьледаваньне закранула пэрыяд зь лютага 2021 году па студзень 2025 году, паведаміў непублічны прадстаўнік Міжнароднага камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў у час прэзэнтацыі.

У наваполацкай калёніі цяпер знаходзіцца больш за 80 палітзьняволеных. Сярод іх Віктар Бабарыка, Анджэй Пачобут, Эдуард Пальчыс, Андрэй Аляксандраў, Дзьмітры Галавач.

Побытавыя ўмовы палітвязьняў у папраўчай калёніі № 1 (ПК № 1) горш за ўмовы для непалітычных зьняволеных, высьветлілі расьсьледнікі. Гэта датычыць забароны на ліставаньне, адмену кароткіх і доўгіх спатканьняў з роднымі празь вялікую колькасьць нібыта парушэньняў палітвязьняў.

Няма мэханізму папаўненьня асабістага рахунку, калі ў вязьня ёсьць статус «тэрарыста», у выніку чалавек ня можа атрымаць грошы ад родных і на іх набываць сабе прадукты харчаваньня або прадметы гігіены.

Адміністрацыя наваполацкай калёніі часта пагражае зьмясьціць палітвязьняў, а таксама непалітычных зьняволеных, у нізкі сацыяльны статус, і гэтак уплывае на іх, адзначылі ў Міжнародным камітэце ў расьсьледаваньні катаваньняў.

«Мятла», смурод, «ставяць на ровар»

Умовы ў наваполацкай калёніі пагаршаюцца за кошт экалягічнай абстаноўкі. ПК № 1 месьціцца паміж нафтаперапрацоўчым заводам «Нафтан» і хімічным заводам «Палімір», адкуль ідуць шкодныя выкіды.

«З „Нафтана“ пэрыядычна былі выкіды. Сядзіце на „промцы“ (прамысловая зона, дзе працуюць зьняволеныя. — РС) і разумееце, што пахне палівам так, што няма куды бегчы. Воблака накрывае зону, смурод стаіць неймаверны. Бывала, што некалькі тыдняў стаяў жудасны смурод ад нафтапрадуктаў. Усе зачынялі вокны, хаця была сьпёка», — кажа адзін з былых палітвязьняў, які знаходзіўся ў ПК № 1.

Палітзьняволеныя ў ПК № 1 працуюць на самых шкодных працах, дзе не захоўваецца тэмпэратурны рэжым, няма магчымасьці прымаць душ, у большасьці месцаў працы няма ахоўных сродкаў, не выконваюцца правілы аховы працы. Кожны зьняволены да таго ж мае дзяжурыць на прыборцы агульнай тэрыторыі калёніі, адзначыў прадстаўнік камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў.

«На прамзоне практыкуюць разборку старых медзяных кабэляў. Людзі зьбіраюцца, дзярбаняць кабэлі на медзь. Але ёсьць куча кабэляў, якія немагчыма разабраць, бо яны складаюцца з дробных частак. На нармальных вытворчасьцях іх прапускаюць праз саляныя растваральнікі. На „промцы“ іх проста кідалі ў чан, і ўся гэтая хімія гарэла і накрывала зону туманам гару. Ідзе праверка, і ты ня можаш нікуды падзецца. Стаіць суседні шэраг, і ты яго ўжо ня бачыш», — расказвае былы палітвязень.

Адна з асаблівасьцяў наваполацкай калёніі — «мятла». Гэта пакараньне, якое накладаюць на людзей, якія выйшлі з ШЫЗА. Пасьля, прыкладам, 10 содняў у ШЫЗА вязень яшчэ месяц абавязаны прыбіраць тэрыторыю калёніі.

«„Мятлу“ выкарыстоўваюць як самастойнае пакараньне, што супярэчыць крымінальна-выканаўчаму кодэксу і правілам унутранага распарадку», — кажа прадстаўнік камітэту.

У ПК № 1 прысутнічае стыгматызацыя палітвязьняў, як і ў іншых калёніях. Ім прызначаюць розныя прафулікі, прыкладам, як «схільных да экстрэмісцкай дзейнасьці», з жоўтымі біркамі. Такіх прафулікаў можа быць некалькі. Гэта цягне за сабой дадатковыя абмежаваньні для палітвязьняў. Іх у тым ліку пазбаўляюць правоў на адукацыю ў зьняволеньні, на пэўнае баўленьне вольнага часу.

Адзін са спосабаў уплыву на асуджаных, — перавод унутры атраду з аднаго жылога памяшканьня ў іншае або з аднаго атраду ў іншы, расказаў адзін з былых палітвязьняў наваполацкай калёніі. Асуджаныя на жаргоне называюць гэты мэтад «паставіць на ровар».

Гэта робіцца для таго, каб трымаць палітвязьняў у пэўным тонусе, каб яны не маглі прыжыцца на адным месцы, адзначыў былы палітвязень.

«Злосьнік» адразу, «навагодні экспрэс», стукацтва

Асаблівасьць калёніі № 1 — тут статус «злоснага парушальніка» усім палітвязьням прызначаюць з самага пачатку, калі іх толькі этапуюць у калёнію і яны адбываюць карантын. Да іх прымяняюць надуманыя спагнаньні, адзначаюць у камітэце па расьсьледаваньні катаваньняў.

«У статусе злоснага парушальніка палітвязьня „падымаюць у атрад“. І на гэты момант іх ужо пазбаўляюць розных магчымасьцяў: права на спатканьні з роднымі, права на пасылкі і перадачы», — адзначае прадстаўнік камітэту.

У ПК № 1 практыкуюць стукацтва на сыстэмнай аснове.

«Зьняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калёніі, даносяць у тым ліку на палітвязьняў, а таксама зьдзяйсьняюць правакацыйныя дзеяньні ў дачыненьні палітзьняволеных, фабрыкуюць парушэньні палітвязьням і гэтым дапамагаюць адміністрацыі калёніі прымяняць так званыя „спагнаньні“», — кажа прадстаўнік камітэту.

У наваполацкай калёніі працуе сыстэма парушэньняў палітвязьняў. Там іх часта накіроўваюць у ШЫЗА праз так званыя «хрэсьбіны» — працэс прызначэньня пакараньня асуджаным, якія нібыта парушылі правілы ўнутранага распарадку.

Яшчэ адна адметнасьць наваполацкай папраўчай установы — «навагодні экспрэс» — калі напярэдадні новага году штрафны ізалятар адмыслова запаўняюць цалкам. Потым на людзей, якія трапілі ў «навагодні экспрэс», хутчэй за ўсё адміністрацыя будзе ціснуць і далей, патлумачыў прадстаўнік камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі.

Звычайна ў ПК № 1 даюць максымальны тэрмін у штрафным ізалятары. Раней гэта было 10 содняў, зь лета 2024 году — 15 содняў.

У калёніі выпрацавалі цэлую сыстэму ціску на асуджаных, расказалі ў камітэце. Спачатку зьняволенаму даюць ШЫЗА з надуманых прычынаў, прыкладам, калі ён ня так назваўся або ў яго быў расшпілены гузік. Пасьля таго, як чалавека неаднаразова накіроўваюць у ШЫЗА, яго могуць зьмясьціць у памяшканьне камэрнага тыпу, а далей — перавесьці на турэмны рэжым у іншую ўстанову.

Таксама ў якасьці пакараньня выкарыстоўваюць 411 артыкул Крымінальнага кодэксу нібыта за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі. У выніку чалавеку дадаюць да тэрміну год або два.

Забарона на акуляры і кавеньку

Пры зьмяшчэньні ў штрафны ізалятар зьняволенага мае агледзець лекар і сьцьвердзіць, што той можа знаходзіцца ў ШЫЗА і нічога не пагражае ягонаму здароўю. У ПК № 1 такое заключэньне часта робіць ня лекар, а начальнік калёніі.

«Былі задакумэнтаваныя выпадкі, калі людзей зь яўнымі захворваньнямі, у тым ліку з пнэўманіяй, зьмяшчалі ў ШЫЗА. Пры гэтым мэдыцынскія работнікі калёніі бязьдзейнічалі і не выконвалі сваіх абавязкаў», — адзначае прадстаўнік камітэту.

У ПК № 1 пэўны час забаранялі вязьням насіць акуляры, хадзіць з кавенькай, атрымліваць мэдыцынскія пасылкі. Гэта адбывалася цягам 2-3 месяцаў, калі ў калёніі зьмянялася кіраўніцтва.

«Людзей, якім патрэбныя былі акуляры, каб працаваць, пазбаўлялі гэтага права. Гэтым стваралася рызыка траўматызму сярод асуджаных», — кажа прадстаўнік Міжнароднага камітэту.

«Папярэдні начальнік Андрэй Пальчык любіў прымяняць гвалт»

У наваполацкай калёніі сыстэмна прымяняюць фізычны гвалт да палітзьняволеных. Расьсьледнікі робяць выснову, што гэта дазволена кіраўніцтвам калёніі, як і іншыя формы рэпрэсій у дачыненьні палітвязьняў.

«Зьбілі так, што сікаў крывёй», — расказаў пра аднаго з палітычных асуджаных былы палітвязень з ПК № 1.

Цяперашні начальнік калёніі Руслан Машадзіеў працуе з траўня 2023 году, колішнім начальнікам быў Андрэй Пальчык. Машадзіева былыя палітвязьні характарызуюць як больш адэкватнага за папярэдняга кіраўніка, хаця рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненьні палітвязьняў пры новым начальніку амаль не зьмяніліся, а нават пагоршыліся ў некаторых момантах. Машадзіеў забараніў насіць нацельную бялізну ў ШЫЗА, што пагоршыла становішча вязьняў там, бо ў штрафным ізалятары вельмі халодна.

«Аднак сьведкі кажуць, што крыху паменшыўся фізычны гвалт у калёніі. Папярэдні начальнік Андрэй Пальчык любіў прымяняць гвалт да асуджаных, пагражаць ім, зьдзекавацца зь іх», — кажа прадстаўнік Міжнароднага камітэту.

«Калі я прыехаў [у калёнію], хлопцы мне расказалі, што Пальчык любіць хадзіць у ШЫЗА. Прыяжджае ў выходны дзень у гарнітуры, бяз формы і „чэша“ туды. Я сам асабіста бачыў, як ён у гарнітуры ішоў у ШЫЗА», — расказвае былы палітвязень наваполацкай калёніі.

Ён расказаў пра выпадак, калі вязень незадоўга да вызваленьня перастаў стрыгчыся. За два тыдні ў яго адрасла кароткая фрызура. Супрацоўнікі калёніі зацягнулі яго ў ШЫЗА і зьбілі. Калі іншыя асуджаныя абурыліся таму, што адбываецца гвалт, былы начальнік калёніі Пальчык загадаў закрыць усе вокны ў памяшканьнях для зьняволеных шрубавёртам, хаця стаяла сьпёка.

Супрацоўнікі калёніі — намесьнік начальніка, апэратыўнікі, атраднікі, рэжымнікі — кожны на сваім месцы прымянялі рэпрэсіўныя мэханізмы да палітычных асуджаных. Аднак сьведкі адзначалі, што большасьць зь іх выконвалі загад.

«Сьведкі адзначалі, што ў адзін дзень супрацоўнік ШЫЗА можа цябе зьбіваць, а на наступны дзень ён жа можа прынесьці табе патаемна нейкую таблетку, гарачкапаніжальнае, праявіць сваю чалавечнасьць. Пры гэтым учора ён выконваў злачынны загад з боку адміністрацыі калёніі», — кажа прадстаўнік Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў.

Супрацоўнікі Міжнароднага камітэту ў расьсьледаваньні катаваньняў дакумэнтуюць парушэньні правоў людзей за кратамі, каб потым мець магчымасьць прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG