Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак журналісту Ігару Ільяшу
Судовая калегія Вярхоўнага Суду Беларусі пад кіраўніцтвам судзьдзі Ігара Любавіцкага 14 лістапада разгледзела апэляцыйную скаргу журналіста Ігара Ільяша на прысуд Менскага гарадзкога суду, які прызнаў яго абвінавачванага вінаватым у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Адвакат прасіў апраўдаць Ігара, а пракурор заклдікаў пакінуць прысуд бязь зьменаў. Калегія суду пасьля 40-хвіліннай нарады вырашыла пакінуць вырак бязь зьменаў, паведаміў Сяргей Ваганаў.
Раней Ігара Ільяша асудзілі на 4 гады турмы за камэнтары і інтэрвію мэдыя. Вырак вынес судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар. Апрача таго Ільяшу прысудзілі штраф у памеры 100 базавых велічыняў (4200 рублёў).
Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361–4 КК).
Працэс над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага ў Менскім гарадзкім судзе. У сакавіку суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы і накіраваў публікацыі журналіста на псыхалінгвістычную экспэртызу. Пры гэтым суд адхіліў хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспэртыза праводзілася ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў, і прызначыў экспэртам доктара філялягічных навук, загадчыка катэдры на філфаку БДУ Сяргея Лебядзінскага.
Асудзілі эканамістку са Жлобіна
Жлобінскую эканамістку Тацяну Лук’янцаву асудзілі ў кастрычніку 2025 году паводле двух артыкулаў — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК) і «ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Ёй прысудзілі «хатнюю хімію» і дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў», даведалася «Наша ніва».
Лук’янцавай 39 гадоў. Яна са Жлобіна. Вучылася на эканамістку ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, які скончыла ў 2011-м. Апошнім часам жыла ў Прылуках — аграгарадку пад Менскам.
Працавала эканамісткай у МТС і іншых кампаніях. Апошняе вядомае месца яе працы — кіраўнічая кампанія «Беларускай цэмэнтнай кампаніі».
Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая, але, хутчэй за ўсё, затрыманьне дзяўчыны было зьвязана са «справай Гаюна», мяркуе выданьне. Падобна, што да суду яна была ў СІЗА.
Невядома, які менавіта тэрмін прысуджаны жанчыне.
Чатыром былым журналістам баранавіцкага выданьня Intex-Press далі «хатнюю хімію»
Натальлю Семяновіч, Мікіту Пятроўскага, Руслана Равяку і Людмілу Зелянькову асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Усе яны былі арыштаваныя ў сьнежні 2024 году, успамінае «Наша ніва». У жніўні 2025 году Берасьцейскі абласны суд асудзіў іх паводле артыкулу 361‑4 — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Прычым ім усім інкрымінавалі другую частку артыкулу — хутчэй за ўсё, таму што іх «злачынства» зьдзяйсьнялася групай асобаў.
Усіх дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў».
Рэдакцыя баранавіцкай газэты Intex-Press сутыкнулася зь ціскам пасьля выбараў 2020 году. У рэдакцыі прайшлі ператрусы з забіраньнем тэхнікі, сайт выданьня быў заблякаваны. Журналістаў выданьня неаднаразова затрымлівалі.
У 2022 годзе газэту пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі. У красавіку 2023 году сайт і сацыяльныя сеткі Intex-Press прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У ліпені 2022 году журналісту Intex-press Юрыю Ганцарэвічу прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за фота расейскай вайсковай тэхнікі. Пры адным зь ператрусаў у рэдакцыі выданьня якраз сканфіскавалі фататэхніку, з дапамогай якой, як было пазначана ў пастанове на ператрус, былі зробленыя здымкі вайсковай тэхнікі на аэрадроме ў Баранавічах.
Пасьля пастаяннага ціску баранавіцкае выданьне вымушанае было закрыцца.
У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозьвішчаў
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абнавіла пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Паводле цэнтра «Вясна», цяпер у ім 5989 чалавек.
Сярод іх псіхалагіня Тацяна Мінец, фігурантка справы «дваровых чатаў» Алеся Вяроўкіна, фігурантка «справы Гаюна» Яраслава Храмчанкова.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
Форум