На тэрыторыі Беларусі пасьля закрыцьця мяжы зь Літвой затрымаліся 1265 літоўскіх грузавікоў. Іх кіроўцам, якія ня выканалі абавязку своечасова прыбыць ва ўказаныя месцы, пагражае максымальнае адміністрацыйнае пакараньне, вынікае з паведамленьня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі.
Сума штрафу складае да 100 базавых велічыняў (б.в. 42 рублі), што складае звыш 1000 эўра.
Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў колькасьць грузавікоў, якія ўжо сталі на адведзеных стаянках:
- «Бераставіца» — 429;
- «Беняконі» — 166;
- «Катлоўка» — 348;
- «Каменны Лог» — 102.
«Кіроўцы гэтых 1045 транспартных сродкаў, якія выканалі афіцыйнае патрабаваньне мытных органаў наконт дастаўкі грузавікоў на адмыслова абсталяваныя і ахоўваныя стаянкі, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі», — напісаў ДМК.
Кіроўцаў яшчэ больш як 220 літоўскіх фураў, 140 зь якіх знаходзяцца на ўзбочынах дарог паблізу пунктаў пропуску, просяць адагнаць грузавікі на стаянкі. ДМК і МУС шукаюць кіроўцаў, каб забесьпечыць дастаўку грузавікоў на абсталяваныя для гэтага месцы.
У «Беняконях» для камфортнага перабываньня кіроўцаў фураў 24 гадзіны на содні працуе крама «Белмытсэрвіс» з гарачымі абедамі.
Затрыманьне такой вялікай колькасьці літоўскіхт фураў адбылося пасьля таго як Літва вырашыла да 30 лістапада закрыць мяжу зь Беларусьсю. Адбылося гэта з прычыны аэрастатаў, якія пераляталі зь Беларусі ў Літву з кантрабанднымі цыгарэтамі і парушалі працу аэрапортаў Вільні і Коўны.
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і сёньня гэта вывучаюць літоўскія крыміналісты.
Урад Літвы тым часам зьбірае нарады, каб вырашыць, якія крокі тут могуць быць зробленыя Вільняй. Пры гэтым працягваецца дыялёг паміж памежнымі ведамствамі Літвы і Беларусі, МЗС абедзьвюх краін таксама ў кантакце, кажа міністар Кандратовіч. А вось у яго з кіраўніцтвам МУС Беларусі кантактаў няма.
Форум