Рашэньне прынята, сярод іншага, пасьля кансультацыяў зь мясцовымі ўладамі і прадпрымальнікамі Падляскага ваяводзтва, якія даўно патрабуюць адкрыцьця хаця б аднаго аўтамабільнага памежнага пераходу ў рэгіёне, піша агенцтва PAP.
«Калі мяжа застаецца шчыльнай, калі польская дзяржава будзе ведаць, што яна ў бясьпецы, мы адкрываем гэтыя два пераходы», — сказаў падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Баброўніках. Ён падкрэсьліў, што падчас закрыцьця абодвух пераходаў «падляскія прадпрымальнікі трацілі свае даходы і сродкі для існаваньня».
Ён адзначыў, што Падляскае ваяводзтва — з аднаго боку, сельскагаспадарчы рэгіён, але зь іншага боку — рэгіён, у якім трансьмежны і прымежны гандаль адыгрываў і працягвае адыгрываць фундамэнтальную ролю.
«Адабраньне гэтага гандлю ў 2021 і 2023 гадах проста прывяло да заняпаду адной з галоўных частак эканомікі — прадпрымальніцкай эканомікі ў нашым рэгіёне», — сказаў Бжазоўскі.
Ён нагадаў, што дзяржава выплачвала кампэнсацыю прадпрымальнікам, але толькі з тых гмін, на тэрыторыі якіх знаходзяцца памежныя пераходы, у той час зачыненыя. Бжазоўскі прызнаў, што прадпрыемствы ўсяго рэгіёну панесьлі «гіганцкія страты» праз брак руху церазь мяжу.
«Гэта ж і гатэльная індустрыя, і гастранамічная, і транспартная галіна. Гэта шмат розных элемэнтаў, якія складаюць адно цэлае», — сказаў ваявода.
Бжазоўскі пажадаў прадпрымальнікам у рэгіёне, як ён сказаў, велізарнага клопату.
«Адбудоўвайце свае актывы. Вяртайце да нармальнасьці тое, што ўмееце лепш за ўсё. Аднаўляйце свае большыя і меншыя прадпрыемствы», — сказаў ён і падкрэсьліў: гэта «гістарычны момант для рэгіёну».
Намесьнік кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Зьбігнеў Ставіцкі таксама заявіў, што пэрыяд закрыцьця дарожных пераходаў з Беларусьсю ў Падляскім ваяводзтве быў асабліва цяжкім для прадпрыемстваў і жыхароў, чый бізнэс быў зьвязаны з мяжой.
Ён нагадаў, што рашэньне аб закрыцьці пераходаў было прынята зь меркаваньняў бясьпекі, але падкрэсьліў, што дзяржаўныя службоўцы, адказныя за канкрэтныя сфэры жыцьця ў краіне, павінны таксама ўлічваць «інтарэсы, зьвязаныя з штодзённым жыцьцём людзей».
«Моцная, эфэктыўная дзяржава павінна даваць сабе рады, падтрымліваючы магчымасьць нармальнага, эфэктыўнага функцыянаваньня памежных рэгіёнаў», — сказаў Ставіцкі.
Вынікі адкрыцьця двух пунктаў пропуску на мяжы ў Беларусі будуць бачныя o бліжэйшыя тыдні і месяцы. Пра гэта ў этэры TVP Info заявіў намесьнік міністра замежных справаў Марцін Басацкі.
«Эфэкты гэтага жэсту, відавочна жэсту, які ёсьць добрым, але не для рэжыму ў Беларусі, а для тысяч, сотняў тысяч людзей, якія будуць карыстацца гэтымі двума памежнымі пераходамі, палякаў і польскіх бізнэсаў, эфэкты гэтага жэсту ўбачым у бліжэйшыя тыдні, а можа быць, месяцы.
Цалкам упэўнены, што гаспадарчыя наступствы для гэтага рэгіёну, для Падляшша будуць значнымі. Гэта ўжо вядома зараз. Ці атрымаецца разам з тым дыпляматычнымі дзеяньнямі, дарэчы, ня толькі польскімі, зрабіць так, каб быў і значны палітычны эфэкт, паглядзім. Польская дыпляматыя і польская дзяржава ўвесь час над гэтым працуюць», — дадаў намесьнік міністра.
Вядоўца праграмы спытаў, ці разьлічвае польскі бок на вызваленьне палітвязьня Анджэя Пачобута. Намесьнік міністра адказаў:
«Прашу прабачыць, але перамовы, якія ідуць паміж структурамі польскай дзяржавы, у тым ліку з удзелам дыпляматыі, з, назавем гэты так, другім бокам, пакуль павінны заставацца ў таямніцы, але, як я казаў, спадзяюся, што вынікі будуць», — сказаў Басацкі, якога цытуе Reform.news.
Два пункты пропуску Кузьніца Беластоцкая – Брузгі і Баброўнікі – Бераставіца адкрыліся а 2:00 менскага часу 17 лістапада. Іх закрылі некалькі гадоў таму ў адказ на вырак журналісту і актывісту польскай меншасьці Андрэю Пачобуту і на незаконны паток мігрантаў церазь беларуска-польскую мяжу.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.
Форум