«Беспадстаўнае ўмяшаньне і абмежаваньні, якія накладаюцца на адвакацкую прафэсію ў Беларусі, ствараюць рызыку сыстэматычных парушэньняў права на справядлівы суд і на роўнасьць перад законам ува ўсёй краіне», — заявілі экспэрты.
Яны нагадалі, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства Беларусі несумяшчальнае зь міжнародным правам у галіне правоў чалавека, падкрэсьліўшы, што прызнаньне асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека «экстрэмісцкай» арганізацыяй парушае права яе чальцоў на свабоду асацыяцыяў.
«Мы зноў заклікаем улады Беларусі скасаваць катэгорыю „экстрэмізм“ у нацыянальным заканадаўстве і прывесьці нацыянальную праўную базу барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам у адпаведнасьць зь міжнародным правам», — падкрэсьлілі экспэрты.
Беларускую асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека заснавалі ў 2023 годзе беларускія адвакаты, пазбаўленыя права на практыку і змушаныя быць на выгнаньні, каб надаваць юрыдычныя кансультацыі ў пытаньнях рызыкі знаходжаньня ў Беларусі і завочных судовых працэсаў, а таксама дапамагаць падаваць скаргі ў міжнародныя праваабарончыя органы і мэханізмы. У жніўні 2025 году выканаўчыя органы ўлады Беларусі прызналі асацыяцыю «экстрэмісцкай арганізацыяй», а яе чальцоў — асобамі, «якія ўдзельнічаюць у экстрэмісцкай дзейнасьці», тым самым даўшы падставы для іх крымінальнага перасьледу.
«Мы асьцерагаемся, што асацыяцыю маглі прызнаць экстрэмісцкай, помсьцячы ёй за яе супрацу зь міжнароднымі праваабарончымі органамі і мэханізмамі, і заклікаем улады Беларусі скасаваць гэтую пастанову і ўстрымацца ад завядзеньня крымінальных справаў супраць яе чальцоў», — заявілі экспэрты.
Групу незалежных экспэртаў у пытаньні правоў чалавека ў Беларусі стварыла Рада правоў чалавека ААН 4 красавіка 2024 году «на аднаўляльны пэрыяд у адзін год» для расьсьледаваньня і выяўленьня фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэньняў і ўціску правоў чалавека і парушэньняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году, у тым ліку іх гендэрных і ўзроставых аспэктаў і іх узьдзеяньня на ахвяраў і пацярпелых.
Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктар Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэта Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).
Сярод экспэртаў ААН дакумэнт падпісалі таксама спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, спэцыяльны спавяшчальнік аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар і іншыя.
Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН выступіла з заявай, у якой скрытыкавала дзейнасьць і рашэньні Рады правоў чалавека ААН і назвала яе «рэпрэсіўным органам».
«Падабраныя сюжэты аб краінах — толькі адзін з элемэнтаў практыкі „інструмэнталізацыі правоў чалавека ў палітычных мэтах“, якая падрывае давер да рады і яе рашэньняў. Мы назіраем парадаксальную карціну таго, як рада, нібыта змагаючыся з рэпрэсіямі ў асобных краінах, сама ператвараецца ў рэпрэсіўны орган», — працытавала заяву дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Беларусь заўсёды была нацэленая на ўдасканаленьне сытуацыі з правамі чалавека. [...] Аднак мы ніколі не пагодзімся з падыходамі, якія нам навязваюць праз раду, якія прадугледжваюць прымус і ціск, умяшаньне ўва ўнутраныя справы і якія прыводзяць да дэградацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту», — адзначаецца ў заяве. Дыпляматы МЗС Беларусі назвалі рэкамэндацыі Рады ААН «цкаваньнем дзяржаваў паводле палітычнай прыкметы».