Пра іх вызваленьне паведаміў афіцыйны сайт каталіцкай царквы Catholic.by з спасылкай на прэсавую службу Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
Дзе знаходзяцца сьвятары ў гэты момант, дакладна невядома. Фота пасьля вызваленьня, апублікаванае Касьцёлам, зроблена ў нунцыятуры Ватыкану ў Менску. Нагадаем, ўто дзясяткі палітвязьняў, вызваленых сёлета пры ўдзеле адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, улады Беларусі фактычна выштурхнулі зь Беларусі ў Літву, часта без пашпартоў і дакумэнтаў. Пра дакладнае месца знаходжаньня палітыка Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь, няма інфармацыі з 11 верасьня.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА ў сваім паведамленьні адзначыла, што два сьвятары, якія «ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы», былі «вызваленыя на падставе памілаваньня Лукашэнкі».
Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі зьвязала вызваленьне зь нядаўнім прыездам у Беларусь кардынала Кляўдыё Гуджэроцьці. «Яго візыт надаў пазытыўны імпульс для далейшых кантактаў, важным вынікам якіх стала рашэньне Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у знак міласэрнасьці і павагі да Папы Рымскага памілаваць і вызваліць каталіцкіх сьвятароў, якія адбывалі пакараньне ў месцах зьняволеньня», — сказана ў заяве Касьцёлу.
Гуджэроцьці, які раней прадстаўляў Ватыкан у Менску, а цяпер ачольвае ватыканскую дыкастэрыю ў справах Усходніх цэркваў, адведаў Беларусь у канцы кастрычніка і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Рымска-каталіцкі Касьцёл у Беларусі заявіў, што вітае пазытыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародным парадку, аднаўленьне дыялёгу паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША, а таксама ўзмацненьне кантактаў з Ватыканам.
Пра затрыманага 4 верасьня манаха з Польшчы Гжэгажа Гавэла, якога вінавацяць у «шпіянажы», згадкі ў паведамленьнях няма.
Хто такі Генрых Акалатовіч
Затрымалі сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча 16 лістапада 2023 году. 8 красавіка сёлета Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.
Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу аб «здрадзе дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведкаў, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».
Вернікі прыходу Генрыха Акалатовіча зьбіралі подпісы ў ягоную падтрымку.
Пра тое, што адбывалася з Генрыхам Акалатовічам у вязьніцах, нядаўна расказаў былы палітвязень Андрэй Крылоў, які быў разам з Акалатовічам у бабруйскай папраўчай калёніі № 2.
Паводле Крылова, сьвятар расказваў яму пра абставіны свайго затрыманьня. Паводле гэтага аповеду, КДБ выманіла Генрыха Акалатовіча на могілкі, каб ніхто ня ўбачыў затрыманьня. Таксама, паводле словаў Крылова, Генрых Акаталовіч апавядаў яму, што на сьледзтве сьвятару прапаноўвалі свабоду ў абмен на ўдзел у правакацыі супраць апостальскага нунцыя Ватыкану ў Беларусі.
Пра ўмовы, у якіх адбываў пакараньне сьвятар Акалатовіч, былы палітвязень Крылоў сказаў так: «Яго ніхто моцна ня гнобіць з боку супрацоўнікаў».
Андрэй Крылоў згадаў выпадак, які адбыўся з ксяндзом у бабруйскай калёніі:
«Да яго там яшчэ адзін падыходзіў, службовец МУС, і казаў: я ж памятаю, калі я быў малады, вы мяне вянчалі».
Хто такі Анджэй Юхневіч
Пробашчу рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне Анджэю Юхневічу 43 гады. Сьвятар быў затрыманы 8 траўня 2024 году і спачатку адбыў у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня 45 содняў паводле адміністрацыйнага пратаколу, сярод іншага, за «несанкцыянаваны пікет» — разьмяшчэньне ўкраінскага сьцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі.
Аднак па адбыцьці адміністрацыйнага арышту каталіцкі сьвятар на волю ня выйшаў. У ліпені 2024 году стала вядома, што супраць Анджэя Юхневіча распачалі крымінальную справу і таму перавялі яго ў сьледчы ізалятар. Пазьней праваабаронцы даведаліся, што ксяндзу пагражаюць абвінавачаньнямі, зьвязанымі з злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасьці непаўналетніх.
Віны на сьледзтве і ў судзе Анджэй Юхневіч не прызнаў. Як паведамляў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» абвінавачаньне будавалася на паказаньнях адной ці некалькіх «ахвяраў», і праваабаронцы не выключалі, што тыя давалі іх пад ціскам. Паводле зьвестак, якія дайшлі да вернікаў, у справе сьвятара ішлося пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны, адзначала «Вясна».
Суд прысудзіў Анджэю Юхневічу 13 гадоў зьняволеньня. Сьвятар спрабаваў аспрэчыць прысуд, але марна.
Адбываць пакараньне сьвятара адправілі ў бабруйскую калёнію № 2, дзе трымалі і Генрыха Акалатовіча. Былы палітвязень Андрэй Крылоў, якога вывезьлі з калёніі па памілаваньні ў верасьні сёлета, згадваў, што Анджэю Юхневічу празь ягоны артыкул прысвоілі «нізкі статус». Пры гэтым Крылоў казаў, што «гвалтоўных сэксуальных мэтадаў там не адбываецца».
Форум