За што рэжым перасьледаваў ксяндза Юхневіча?
— Аляксандар Лукашэнка памілаваў двух каталіцкіх сьвятароў. Гэта Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня, і Анджэй Юхневіч, асуджаны на 13 гадоў. Ці будуць яны, паводле вашай інфармацыі, высланыя з краіны, як апошнім часам гэта практыкуюць улады Беларусі?
— Як бачым, вызваленыя сьвятары ў Менску, апублікаваны фатаздымак, дзе яны ў апостальскай нунцыятуры разам з архібіскупам Станеўскім і апостальскім нунцыем Іньяцыё Чэфалья. Гэта значыць, што сьвятароў памілавалі і прымусова не вывозілі зь Беларусі. І гэта ўжо будзе іхнае рашэньне — ці застануцца яны ў Беларусі, ці часова паедуць за мяжу, каб паправіць здароўе пасьля цяжкіх умоваў зьняволеньня.
— Ці будуць яны мець змогу выконваць сьвятарскія абавязкі?
— Хутчэй за ўсё, так. Калі вы зьвернеце ўвагу на фота, афіцыйна апублікаванае рэсурсам Catholic.by, яны там у сьвятарскім адзеньні. Таму відавочна, што яны застаюцца сьвятарамі, будуць працягваць служыць — ці ў Беларусі, ці ў замежжы.
— Анджэя Юхневіча абвінавачвалі ў злачынствах, якія тычацца сэксуальнай недатыкальнасьці непаўналетніх. Касьцёл звычайна праводзіць уласнае расьсьледаваньне магчымага парушэньня сьвятаром нормаў кодэксу кананічнага права, калі такія абвінавачваньні выстаўленыя. Ці будзе Юхневіч падлягаць такому расьсьледаваньню?
— Ніякай інфармацыі ў курыю не паступала, няма людзей, якія б выстаўлялі такія абвінавачваньні на адрас ксяндза Юхневіча. То бок няма прадмету для расьсьледаваньня. Ускосна фабрыкацыю справы пацьвярджае фармулёўка, зь якой сьвятароў вызвалілі. Як паведамляе БелТА, былі памілаваныя два сьвятары, якія «ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы». Такім чынам як бы пацьвярджаецца, што прырода перасьледу ксяндза Юхневіча была ня ў тым, што ён нібыта ўчыніў нейкія злачынствы супраць непаўналетніх, а яго перасьледавалі за грамадзянскую, палітычную пазыцыю.
І мы ведаем, што затрымлівалі яго спачатку ў межах адміністрацыйных справаў, зьвязаных з «экстрэмізмам», і далей перасьлед працягваўся як палітычная справа, а потым на нейкім этапе зьявіліся вось такія абвінавачваньні — у злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасьці. Ініцыятыва «Хрысьціянская візія», напрыклад, заўсёды падкрэсьлівала, што гэта своеасаблівая форма ціску. Такія абвінавачаньні на адрас сьвятароў Рымска-каталіцкай царквы ў сьвеце даволі распаўсюджаныя. Але ў дачыненьні да ксяндза Юхневіча ніхто з падобнымі абвінавачаньнямі ў курыю не зьвяртаўся. Мы таксама бачым з паводзінаў ксяндза Юхневіча падчас і адміністрацыйных арыштаў, і суду ў крымінальнай справе, і вынясеньня прысуду — ён змагаўся да канца, абскарджваў усе прысуды, бескампрамісна сябе паводзіў, і менавіта гэта стала прычынай ціску на яго.
Удар па ім хацелі нанесьці, ня толькі пазбавіўшы яго свабоды, выкарыстоўваючы супраць яго катаваньні, але і спляжыўшы яго рэпутацыю.
Але сёньня, пасьля яго вызваленьня, рэжым прызнае, што перасьлед быў палітычны. Мы заўсёды верылі, што ксёндз Юхневіч пацярпеў за сваю грамадзкую, палітычную, маральную, хрысьціянскую пазыцыю.
Хто дамогся вызваленьня ксяндзоў?
— Нядаўна Беларусь наведваў кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці, ён сустракаўся і з Лукашэнкам. Вызваленьне Акалатовіча і Юхневіча — гэта вынік дыпляматыі Ватыкану, фактычна паведаміла Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі. А ці і чым Ватыкан аддзячыць Лукашэнку за гэтае вызваленьне?
— Я б хацела падкрэсьліць, што Ватыкан — гэта не адзіны суб’ект, які ўдзельнічаў у працэсе вызваленьня ксяндзоў і, магчыма, яшчэ нейкай групы палітвязьняў. Думаю, што вызваленьне ксяндзамі ня скончыцца, да канца году павінны быць новыя вызваленыя.
Трэба ўлічваць таксама, што і ксёндз Акалатовіч, і ксёндз Юхневіч — этнічныя палякі. Таму польская дзяржава, якая і за сытуацыяй у касьцёле ў Беларусі сочыць уважліва, і за польскай меншасьцю, таксама актыўна ўдзельнічала ў адвакатаваньні вызваленьня гэтых ксяндзоў.
Іх вызваленьне супала ня толькі з прыездам папскага легата кардынала Гуджэроцьці. Адкрыцьцё памежнага пераходу паміж Беларусьсю і Польшчай таксама сваю ролю выканала. І магчыма, што вызваленьня б не было без апошняга.
Паведамленьне Канфэрэнцыі біскупаў зьвяртае ўвагу і на працэс перамоваў паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Думаю, гэта таксама было адной з дэталяў мазаікі, якая ў выніку прывяла да вызваленьня.
Ці запросіць Леў XIV Лукашэнку ў Ватыкан?
— Але ці магчымы, напрыклад, візыт Лукашэнкі ў Ватыкан? Ён там ужо бываў, сустракаўся з папярэднімі папамі. Ці візыт цяпер магчымы?
— Тут трэба ўлічваць і рэгіянальны кантэкст, і кантэкст вайны, расейскую агрэсію супраць Украіны і ролю, якую рэжым Беларусі ў гэтым адыгрывае. Калі Лукашэнку запросяць у Ватыкан, гэта кепска ўспрыме і ўкраінская ўлада, і тамтэйшае грамадзтва, і ўкраінскі Касьцёл. Як, напрыклад, візыт папы ў Беларусь залежыць ад патрыярха Кірыла і Пуціна, гэтак і візыт Лукашэнкі ў Ватыкан залежыць ад Зяленскага і хады вайны ва Ўкраіне. Безумоўна, усё магчыма, неяк могуць скласьціся акалічнасьці, калі такі візыт стане магчымым. Але ў цяперашняй сытуацыі — наўрад.
Але мы можам казаць пра іншыя аспэкты ўдзелу Ватыкану ў прасоўваньні інтарэсаў беларускага рэжыму на міжнароднай арэне. Мы пісалі ў «Хрысьціянскай візіі» пра тое, якую ролю ў падтрыманьні Касьцёлу выконвае Аляксандар Зайцаў — алігарх, набліжаны да Лукашэнкі. Зайцаў атрымаў ад папы Францішка ордэн Грыгора Вялікага. Беларускі алігарх спрабаваў выкарыстаць ватыканскі трэк, каб пазбавіцца санкцыяў супраць сваіх кампаніяў. Вось у нейкім такім кірунку можа адбывацца падзяка Ватыкану за вызваленьне ксяндзоў.
Калі папа Рымскі наведае Беларусь?
— Нядаўна прадстаўнікі кліру беларускага Касьцёлу езьдзілі ў Ватыкан, запрашалі папу ў Беларусь. Наўрад ці яны гэта рабілі без дазволу ўладаў Беларусі. Вы ўжо адзначылі, што існуе традыцыя, паводле якой патрэбны дазвол ад патрыярха РПЦ на візыт папы. У чым тут істота гульні Лукашэнкі? Ён, як вынікае з усяго, даў згоду на такое запрашэньне, але, зь іншага боку, ён ведае пазыцыю і Пуціна, і Маскоўскай патрыярхіі.
— Маскоўская патрыярхія, сапраўды, не гатовая да такога візыту. Але нагадаю, што архібіскуп Гуджэроцьці сустрэўся ня толькі з Лукашэнкам, але і з мітрапалітам Веньямінам, і, магчыма, візыт папы ў Беларусь таксама абмяркоўваўся. Мітрапаліт Веньямін пераклаў адказнасьць зь сябе на патрыярха Кірыла, на сынод РПЦ, сказаўшы, што ён ніякай улады ў гэтым пытаньні ня мае.
Пэўны час таму былі апублікаваныя мэмуары першага нунцыя ў Беларусі Дамініка Грушоўскага. І ён там апісаў, як хадзіў да мітрапаліта Філарэта яшчэ за папы Яна Паўла ІІ і абмяркоўваў магчымасьць візыту пантыфіка ў Беларусь. Дык мітрапаліт Філарэт нават адмовіўся тады гаварыць на гэтую тэму. І гэта пры тым, што тады патрыярхам быў не Кірыл, а Аляксей ІІ, чалавек, менш зацяты ў геапалітычных пытаньнях. Аляксей крытычна паставіўся да чачэнскай вайны, асуджаў дзеяньні там расейскай арміі. А цяпер патрыярх Кірыл цалкам падтрымлівае вайну з Украінай.
Патрэба дазволу на такі візыт папы ад РПЦ — гэта не закон, не афіцыйная дамова, але ёсьць паразуменьне паміж Ватыканам і РПЦ на гэты конт. РПЦ для Ватыкану — вельмі важны партнэр, у тым ліку на міжнароднай арэне для таго, каб выступаць, напрыклад, за традыцыйныя каштоўнасьці. І гэта добрая воля Ватыкану — узгадняць такія візыты, хоць у мінулым былі прэцэдэнты, што яны не ўзгадняліся. Ян Павал II прыяжджаў ва Ўкраіну насуперак нязгодзе Маскоўскага патрыярхату. І таму ўсё магчыма.
Я нават думаю, што візыт папы ў Беларусь можа адбыцца даволі хутка. Патрыярх Кірыл — чалавек немалады, усякае можа здарыцца. А цяпер, падчас вайны, немагчыма сабраць сабор, каб абраць новага патрыярха. Ня змогуць прыехаць украінскія япіскапы, а бязь іх ня будзе кворуму. І таму можа ўтварыцца сытуацыя, што ў РПЦ наагул ня будзе патрыярха. Што будзе адбывацца з царквой у такіх умовах, таксама няясна.
Магчыма, што ў такой сытуацыі Беларуская праваслаўная царква зможа стаць больш аўтаномнай, і тады ўжо мітрапаліт Веньямін будзе вырашаць, ці адбудзецца візыт Папы. І вырашаць ён гэта будзе зыходзячы зь беларускіх інтарэсаў. І калі Лукашэнка ў такой сытуацыі папросіць мітрапаліта Веньяміна пагадзіцца на візыт папы, мяркую, што той пагодзіцца.
— А якая матывацыя запрасіць папу ў Лукашэнкі? Ён жа ўвесь час кажа: адна Айчына ад Берасьця да Ўладзівастоку, мы — «рускія людзі», мы — праваслаўныя людзі.
— Лукашэнка — шматвэктарны чалавек. Сёньня ён ад Берасьця да Ўладзівастоку, заўтра — ад Магілёва да Каліфорніі. Ён можа мяняць аблічча, рыторыку, мяняць, так бы мовіць, капелюшы.
Прыгаданы першы нунцый апавядаў ва ўспамінах, што калі ён толькі прыехаў у Беларусь, толькі спусьціўся з трапу самалёта, першае пытаньне ад МЗС Беларусі (гэта яшчэ 90-я гады былі) — пра візыт папы ў Беларусь. То бок гэта даўні плян, даўняя ідэя. Нават калі ў Беларусь прыяжджалі Ала Пугачова ці Верка Сярдзючка, Лукашэнка любіў каля іх пакрасавацца і зрабіць фота. Ці калі Стывэн Сыгал прыяжджаў, Лукашэнка яго морквай частаваў. Папа — гэта зорка ўсясьветнай велічыні. Калі б ён прыехаў, Лукашэнка побач зь ім таксама б трошкі зьзяў. Гэта такое сэлфі-мысьленьне .
Форум