Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туалетная папера і сурвэткі. Імпарт якіх тавараў у Беларусь хочуць абмежаваць і чаму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Канцэрн «Беллеспаперапрам» прапанаваў на грамадзкае абмеркаваньне праект пастановы ўраду аб уводзе на паўгоду ліцэнзаваньня шэрагу імпартаваных тавараў з драўніны.

Як сказана ў абгрунтаваньні праекту, патрэба ў ліцэнзаваньні імпарту вынікае з высокіх транспартных выдаткаў дрэваапрацоўчых заводаў на экспартныя пастаўкі, што ўплывае на канчатковую цану тавараў і адпаведна не дазваляе «эфэктыўна выкарыстоўваць» вытворчыя магутнасьці ўласных прадпрыемстваў, зьніжае адлічэньні ў дзяржаўны бюджэт і стрымлівае рост заробкаў у галіне.

Абмежаваньне на шэсьць месяцаў прапануюць для прадукцыі, вырабленай за межамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэта, паводле канцэрну, дазволіць павялічыць даходы дзяржаўнага бюджэту прыблізна на 31,5 тысячы рублёў, павялічыць выпуск айчыннай прадукцыі і гэтым падтрымаць беларускіх вытворцаў.

У пералік прадукцыі прапанавалі ўключыць драўляныя пліты трох тыпаў, вокны, бальконныя дзьверы, рамы, панэлі на падлогу, паперу, папяровыя мяхі й пакеты, кардон, мэблю, запалкі, насоўкі, туалетную паперу, папяровыя ручнікі, абрусы й сурвэткі.

Грамадзкае абмеркаваньне завершыцца 30 лістапада, а пасьля дакумэнт разгледзіць урад. Ліцэнзіі на ўвоз імпартнай прадукцыі з паперы будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Пасьля ўводу міжнародных санкцыяў супраць Беларусі за здушэньне акцыяў пратэсту, фальсыфікацыю вынікаў выбараў прэзыдэнта і пазьней за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны беларускія вытворцы сталі губляць традыцыйныя рынку збыту прадукцыі, мяняць лягістыку, што прывяло да росту цаны і зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці тавараў на замежных рынкаў.

Раней урад Беларусі ўводзіў ліцэнзаваньне на імпарт гатовай скуры з шкуры буйной рагатай жывёлы, а таксама на вываз з краіны пэўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG