Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, плян таксама прадугледжвае адмову Ўкраіны ад інтэграцыі ў NATO, скарачэньне яе войска і правядзеньне выбараў праз 100 дзён пасьля падпісаньня мірнай дамовы з Расеяй.
У той жа час у дакумэнце нічога ня згадваецца пра рэпарацыі Расеі. Адзначаецца толькі, што Расея юрыдычна абавязваецца не нападаць на Ўкраіну і Эўропу, а 100 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў пойдуць на рэканструкцыю Ўкраіны. Апроч таго, «мірны плян» ЗША прадугледжвае паступовае скасаваньне санкцыяў супраць Расеі і яе вяртаньне ў G8 («Вялікую васьмёрку» ўплывовых дзяржаваў).
Украінская служба Радыё Свабода апублікавала поўны тэкст праекту дамовы:
1. Бясьпека і палітычны статус Украіны
🔸Пацьверджаньне сувэрэнітэту Ўкраіны.
🔸Украіна атрымлівае гарантыі бясьпекі ад ЗША, але з умовамі.
🔸Украіна замацоўвае ў сваёй Канстытуцыі недалучэньне і адмову ад NATO, а NATO назаўсёды пацьвярджае, што Ўкраіну ня прымуць у арганізацыю.
🔸Абмежаваньне колькасьці Ўзброеных сілаў Украіны.
🔸Украіна застаецца бязьядзернаю дзяржаваю.
2. Тэрытарыяльныя пытаньні
🔸Крым, Данецк і Луганск прызнаюцца de facto расейскімі.
🔸Херсон і Запарожжа «замарожаныя» на лініі сутыкненьня.
🔸Частка тэрыторыяў становіцца дэмілітарызаванаю буфэрнаю зонаю пад de facto расейскім кантролем.
🔸Абодва бакі абавязваюцца не мяняць межы сілай.
3. Вайсковыя ўгоды
🔸NATO не разгортвае войскі ва Ўкраіне.
🔸Зьнішчальнікі NATO разгорнутыя ў Польшчы.
🔸Дыялёг у пытаньнях бясьпекі паміж ЗША, NATO і Расеяй, стварэньне амэрыканска-расейскай працоўнай групы.
🔸Расея юрыдычна абавязваецца выконваць палітыку ненападу на Ўкраіну і Эўропу.
4. Эканамічны блёк і рэканструкцыя Ўкраіны
🔸ЗША і Эўропа запускаюць вялікі інвэстыцыйны пакет для рэканструкцыі Ўкраіны.
🔸100 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў для рэканструкцыі Ўкраіны; ЗША атрымліваюць 50% даходу.
🔸Эўропа дадае яшчэ 100 мільярдаў даляраў.
🔸Іншыя замарожаныя расейскія актывы пойдуць на супольныя амэрыканска-расейскія праекты.
🔸Стварэньне Фонду разьвіцьця Ўкраіны, інвэстыцыі ў інфраструктуру, рэсурсы, тэхналёгіі.
5. Расея ва ўсясьветнай сыстэме
🔸Паступовае скасаваньне санкцыяў.
🔸Вяртаньне Расеі ў G8.
🔸Доўгатэрміновая эканамічная супраца паміж ЗША і Расеяй.
Гуманітарныя пытаньні
🔸Абмен «усіх на ўсіх», вяртаньне цывільных і дзяцей.
🔸Гуманітарныя праграмы, узьяднаньне сем’яў.
🔸Адукацыйныя праграмы ў пытаньнях талерантнасьці.
6. Энэргетыка і спэцыяльныя аб’екты
🔸Запуск Запароскай АЭС пад наглядам МАГАТЭ, электраэнэргія разьмяркоўваецца напалову паміж Украінай і Расеяй.
🔸ЗША дапамагаюць аднаўляць газавую інфраструктуру Украіны.
7. Унутрыпалітычныя працэсы ва Ўкраіне
🔸Выбары праз 100 дзён пасьля падпісаньня дамовы.
🔸Поўная амністыя для ўсіх удзельнікаў вайны.
8. Уступленьне ў сілу і маніторынг
🔸Дамова мае юрыдычную сілу.
🔸Маніторынг ажыцьцяўляе «Рада міру» пад кіраўніцтвам Дональда Трампа.
🔸Парушэньні прывядуць да санкцыяў.
🔸Пасьля падпісаньня будзе неадкладна абвешчана спыненьне агню і адвод войскаў на ўзгодненыя пазыцыі.
Адміністрацыя ЗША патрабуе ад Кіева паскорыць перамоўны працэс і надаць да 27 лістапада ўзгоднены варыянт, пасьля чаго яго перададуць Расеі.
Белы дом, як паведаміла выданьне Financial Times, імкнецца завяршыць увесь працэс да пачатку сьнежня. У ЗША лічаць гэты час найбольш спрыяльным для запуску палітычнай ініцыятывы, здольнай паўплываць на далейшую хаду вайны.
Увечары 20 лістапада стала вядома, што прадстаўнікі ЗША афіцыйна перадалі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму гэты праект.
Форум