Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны змагаюцца супраць яе больш зацята, чым супраць „русского мира“ і лукашызму», — Дзядок пра сход крытыкаў Ціханоўскай

абноўлена

Вынікі тыдня. „ПіК Свабоды“. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Аліса Рыжычэнка, былы палітвязень Мікалай Дзядок. Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж.
Вынікі тыдня. „ПіК Свабоды“. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Аліса Рыжычэнка, былы палітвязень Мікалай Дзядок. Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж.

Што рэалізацыя мірнага пляну ЗША азначала б для Беларусі? Чаго дамагаюцца крытыкі Ціханоўскай? Хто выйграе ад адкрыцьця межаў? Што прынясе бюджэту новы раўнд барацьбы з «дармаедамі»? У чым галоўная інтрыга «Прадмовы» у Варшаве?

Гэтыя ды іншыя падзеі тыдня Ганна Соўсь абмяркоўвае ў жывым этэры «ПіКу Свабоды» з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Алісай Рыжычэнкай і былым палітвязьнем Мікалаем Дзядком. Задавайце пытаньні, камэнтуйце, калі гэта бясьпечна для вас.

0:00 — Ці нясе «мірны плян» ЗША пагрозу незалежнасьці Беларусі? Амэрыканіст Пянькоўскі
4:35 — «Сход неабыякавых» супраць Ціханоўскай
11:10 — Адкрыцьцё літоўскай мяжы: чаго дамагліся абодва бакі? Палітоляг Юрконіс
19:40 — Хто паспрыяў вызваленьню каталіцкіх ксяндзоў? Тэалягіня Васілевіч
30:22 — Чаму зацягваецца вызваленьне палітвязьняў?
37:45 — Хто пацярпіць ад росту «камуналкі» і ці магчымы новы пратэст «дармаедаў»?
51:45 — Чаму варта наведаць фэст «Прадмова» ў Варшаве

Тут фрагмэнт гутаркі

— Сёньня крытыкі Сьвятланы Ціханоўскай сабраліся на так званы «Сход неабыякавых» у Сейме Літвы. Сярод арганізатараў — выканаўца абавязкаў старшыні «Народнай Грамады» Яўген Вільскі, удзельнічае палітык Георгі Дзьмітрук, на сходзе прысутнічалі літоўскія палітыкі й палітолягі. Гэта другі «Сход неабыякавых». Першы адбыўся ў Варшаве сёлета ў чэрвені. Мяркуецца аб’явіць аб стварэньні «Беларускай нацыянальнай кааліцыі», якую хочуць зацьвердзіць як пераходны орган стратэгічнага кіраваньня і прадстаўніцтва беларускага народу. Аліса, Мікола, які патэнцыял вы бачыце ў арганізацыі крытыкаў лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай, і ці варта ёй, яе камандзе прыслухацца да іх?

Аліса Рыжычэнка: Першае пытаньне — каго яны прадстаўляюць? Сёньня, наколькі я ведаю, прадстаўнікі розных партыяў ніяк не паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі. У іх няма ніякага кантакту зь беларускім грамадзтвам, якое знаходзіцца ў краіне. Ёсьць вялікае пытаньне, каго прадстаўляюць гэтыя людзі. Яны могуць абвяшчаць сябе кім заўгодна, нейкім стратэгічным цэнтрам ці органам і гэтак далей. Ці патрэбна Сьвятлане чуць іх галасы? Мы заўсёды адкрытыя, і Сьвятлана заўсёды адкрытая да дыялёгу. Іншае пытаньне, што гэтыя людзі не ідуць на дыялёг. Мы заўсёды адкрытыя, каб чуць іншыя галасы, каб іншыя людзі, арганізацыі прымалі ўдзел і мы рабілі працу разам, каб адбыліся зьмены ў Беларусі. Бо на сёньняшні дзень мы маем адзінага ворага — гэта рэжым Лукашэнкі. Мы не вядзем барацьбу зь іншымі людзьмі, якія таксама хочуць дэмакратызацыі ў Беларусі. І гэтая вялікая памылка, калі мы пачынаем спрачацца адзін з адным унутры дэмакратычных структураў. Мой адказ: мы заўсёды адкрытыя да дыялёгу, але іншыя людзі ня бачаць у гэтым сэнсу і таму гэта больш пытаньне да іх.

Мікола Дзядок: Гэта досыць тыповая дынаміка для палітычнай эміграцыі. У палітычнай эміграцыі вельмі сьціслыя мажлівасьці, невялічкая колькасьць патэнцыйных прыхільнікаў і, на жаль, невялічкая колькасьць рэсурсаў. Разгарнуцца няма дзе, а людзей, якія маюць палітычныя амбіцыі і жадаюць штось рабіць, неяк сябе праявіць, вялікая колькасьць. З гэтага атрымоўваюцца такія сытуацыі, як зараз, калі зьяўляецца апазыцыя да апазыцыі. Я ня бачу сапраўдных ідэалягічных супярэчаньняў між гэтымі дзьвюма групоўкамі. Я бачу хутчэй псыхалягічнае тлумачэньне. Людзі, якія зьбіраюцца на гэтыя сходы, змагаюцца супраць Сьвятланы Ціханоўскай больш зацята, на жаль, чым супраць «рускага міру» і лукашызму. Я ня веру, што, як кажуць, там усё агенты КДБ муцяць. Не, абсалютна. Я думаю, гэтымі людзьмі кіруюць асабістыя матывы. Яны лічаць, што яны не занялі таго месца, якое мусілі б заняць у беларускім палітычным істэблішмэнце ў эміграцыі. А так я цалкам вітаю любыя сходы неабыякавых беларусаў. Хай яны зьбіраюцца, хай яны думаюць, як нешта рабіць. Але хацелася б, каб яны зьбіраліся ня супраць іншых неабыякавых беларусаў, а супраць рэжыму, супраць Лукашэнкі. Таму я думаю, што нічога насамрэч сурʼёзнага і небясьпечнага прынамсі для кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай ад гэтага ня будзе.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG