Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хронікі вайны. У Расеі гарэла ГРЭС пад Масквой. Ва Ўкраіне зноў загінулі мірныя жыхары. Аэрапорт у Нідэрляндах закрывалі праз дроны


Шматпавярховік у Дніпры пасьля дронавай атакі, 23 лістапада 2025
Шматпавярховік у Дніпры пасьля дронавай атакі, 23 лістапада 2025

22 лістапада ўвечары завяршыліся пошукава-выратавальныя работы ў Цярнопалі, дзе 19 лістапада жылы дом разбурыла расейская ракета. Колькасьць ахвяраў вырасла гэтага ўдару вырасла да 33 чалавек, сярод іх 6 дзяцей. Лёс яшчэ шасьцярых людзей дагэтуль не вядомы.

Працягваюцца аварыйныя работы ў Дніпры, дзе ў суботу дрон узарваўся каля шматпавярховіка. Пацярпелі 14 чалавек, сярод іх дзіця.

У Нікапалі дрон траўмаваў дзьвюх дзяцей і жанчыну.

У Краматорску ад ракетнай атакі сыстэмы «Смерч» загінулі тры юнакі, яшчэ тры чалавекі параненыя, паведаміла МУС Украіны.

За тыдзень Украіну атакавалі 1050 дронаў, амаль 1000 кіраваных авіяцыйных бомбаў і больш за 60 ракетаў, паведаміў у «Тэлеграме» прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Уначы на 23 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 98 ударнымі бесьпілётнікамі, каля 60 зь якіх — «Шахеды», паведамілі Паветраныя сілы Ўкраіны. 27 дронаў пацэлілі ў 12 месцаў.

Атакі дронамі і бамбаваньні прыфрантавых раёнаў расейскім войскам працягваліся і раніцай 23 лістапада.

У Адэскай вобласьці ад дронаў ці іхных абломкаў усчаліся пажары на абʼектах энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры. У некалькіх прыватных дамоў паламала дахі і платы, павыбівала шыбы.

На Запарожжы ад расейскіх удараў за содні загінулі два чалавекі, а восем былі параненыя. Усяго расейцы за содні атакавалі там 26 населеных пунктаў — дронамі, авіябомбамі, ракетамі, артылерыяй — і пашкодзілі 53 аб’екты, у тым ліку жылыя будынкі.

У выніку атакі дронаў усчаўся пажар на цеплаэлектрастанцыі, якая забясьпечвае Маскву

У Расеі ад удару бесьпілётнікаў загарэліся чатыры трансфарматары на тэрыторыі Шатурскай ГРЭС, што за сто кілямэтраў ад Масквы. Пра адключэньні электраэнэргіі ў Маскве і Маскоўскай вобласьці не паведамлялася. Паводле падлікаў Мінабароны Расеі, усяго за мінулую ноч былі зьбітыя або перахопленыя 75 украінскіх бесьпілётнікаў.

У Нідэрляндах праз дроны закрывалі эйндховэнскі аэрапорт

Аэрапорт другога па колькасьці жыхароў гораду Нідэрляндаў — Эйндховэну — вечарам у суботу прыпыняў працу на некалькі гадзін праз заўважныя над ім бесьпілётнікі. Пра гэта паведаміў міністар абароны краіны Рубэн Брэкельманс у X. Гэты аэрапорт выконвае як грамадзянскія, так і вайсковыя функцыі.

Раней у той жа дзень нідэрляндзкія вайскоўцы стралялі па бесьпілётніках, заўважаных над авіябазай Фолькель за 40 км ад Эйндховэну. Аднак зьбіць дроны не ўдалося, і яны зьніклі ў невядомым кірунку, паведаміў Reuters.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG