Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урзуля фон дэр Ляен: Усякія спробы зьмяніць тэрыторыю Ўкраіны сілай непрымальныя


Урзуля фон дэр Ляен, архіўнае фота
Урзуля фон дэр Ляен, архіўнае фота

Усякія спробы зьмяніць тэрыторыю Ўкраіны сілай «непрымальныя», а абмежаваньне ейнага абароннага патэнцыялу пагражае бясьпецы ўсёй Эўропы, заявіла старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, камэнтуючы падыходы да магчымага мірнага ўрэгуляваньня.

Паводле фон дэр Ляен, «сапраўдны і ўстойлівы мір павінен перш за ўсё пакласьці канец ваенным дзеяньням і перадухіліць аднаўленьне агрэсіі ў будучыні».

Яна нагадала, што эўрапейскія партнэры ўжо дамовіліся пра асноўныя прынцыпы забесьпячэньня трывалага міру і захаваньня сувэрэнітэту Ўкраіны.

Гэтыя прынцыпы, падкрэсьліла старшыня Эўракамісіі, уключаюць

  • непарушнасьць межаў,
  • забарону на іх гвалтоўную зьмену і
  • адсутнасьць якіх-колечы штучных абмежаваньняў для Ўзброеных Сіл Украіны.


Такія абмежаваньні, падкрэсьліла яна, толькі зробяць дзяржаву ўразьлівай для новых нападаў.

Ляен таксама адзначыла, што ЭЗ павінен адыграць «цэнтральную ролю» ў гарантаваньні бясьпекі Ўкраіны. Яна дадала, што краіна мае права вызначаць свой уласны шлях разьвіцьця — і ўжо зрабіла выбар на карысьць эўрапейскай будучыні.

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу напярэдадні заявілі, што падтрымліваюць намаганьні ЗША ўва ўрэгуляваньні вайны Расеі з Украінай, але лічаць, што пададзены Вашынгтонам плян з 28 пунктаў вымагае дапрацаваньня.

«Мы гатовыя ўдзельнічаць у гэтым працэсе, каб забясьпечыць устойлівасьць будучага міру. Мы выразна трымаемся прынцыпу, што межы нельга зьмяняць сілай», — гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на сайце Эўрапейскай камісіі.

Паводле газэты The Washington Post , сярод падрыхтаваных лідэрамі ЭЗ прапановаў —

  • адмова ад пляну ЗША абмежаваць колькасьць украінскай арміі,
  • вяртаньне Ўкраіне кантролю над Запароскай АЭС і Кінбурнскай касой,
  • адмова ад перадачы Расеі падкантрольнай Украіне часткі Данецкай вобласьці і абмеркаваньне гэтага і іншых тэрытарыяльных пытаньняў толькі пасьля спыненьня агню.

Як паведамляюць заходнія мэдыя, мірны плян ЗША быў падрыхтаваны з удзелам прадстаўнікоў Расеі, а Эўропа і Ўкраіна ня ўдзельнічалі ў распрацаваньні пляну.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што наступны чацьвер, 27 лістапада, — гэта прыдатны тэрмін для Кіева, каб пагадзіцца на падтрыманую ЗША мірную прапанову аб спыненьні вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны.

Раней, 21 лістапада, агенцтва Reuters з спасылкай на дзьве крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй, паведаміла, што адміністрацыя Дональда Трампа пагражае спыніць перадачу выведных зьвестак і продаж зброі Ўкраіне, калі Кіеў не падпіша мірнага пагадненьня, прапанаванага ЗША.

  • У распараджэньні Радыё Свабода ёсьць праект тэксту мірнага пляну ЗША. Праект, сярод іншага, прадугледжвае выбары ва Ўкраіне праз 100 дзён пасьля падпісаньня пагадненьня. У ім таксама прадугледжана, што Ўкраіна павінна замацаваць у сваёй Канстытуцыі недалучэньне да NATO (і альянс таксама павінен гэта заявіць), а колькасьць Узброеных сілаў Украіны будзе абмежаваная — наколькі, не ўдакладняецца. Але, паводле іншых СМІ, ідзецца пра іх абмежаваньне 600 тысячамі вайскоўцаў.
  • Увечары 21 лістапада прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з 10-хвілінным відэазваротам, у якім назваў цяперашнія падзеі «адным з самых складаных момантаў» у гісторыі Ўкраіны.
  • «Ціск на Ўкраіну зараз адзін з самых складаных. Цяпер Украіна можа сутыкнуцца зь вельмі складаным выбарам. Або страта годнасьці, або рызыка страціць ключавога партнэра. Або складаныя 28 пунктаў, або надзвычай цяжкая зіма — найскладанейшая — і далейшыя рызыкі. Жыцьцё без свабоды, бяз годнасьці, без справядлівасьці. І каб мы паверылі таму, хто ўжо двойчы нападаў», — сказаў Зяленскі.
  • Расея заявіла аб гатоўнасьці да мірных перамоваў. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква атрымала 28-пунктавы плян ЗША аб Украіне, які, паводле яго, «можа стаць асновай для канчатковага мірнага ўрэгуляваньня».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG