Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заявіў пра забойства начальніка штабу «Хезбалы» ў выніку ўдару па Бэйруце


Пасьля ізраільскага ўдару па прадмесьці Бэйруту
Пасьля ізраільскага ўдару па прадмесьці Бэйруту

Армія абароны Ізраілю нанесла ўдар па сталіцы суседняга Лібану. Улады краіны заяўляюць, што цэльлю быў адзін з кіраўнікоў тэрарыстычнай арганізацыі.

Ізраіль забіў вайсковага начальніка «Хезбалы» ў выніку ўдару па Бэйруце ў нядзелю, паведамілі ізраільскія вайскоўцы. Лібанскія ўлады заявілі, што ў выніку ўдару па жылым доме загінулі пяць чалавек, піша AFP.

Хайтам Алі Табатабаі — сама высокапастаўлены камандзір «Хезбалы», забіты Ізраілем з пачатку замірэньня ў лістападзе 2024 году. Тое пагадненьне мела на мэце спыніць больш як год ваенных дзеяньняў паміж дзьвюма краінамі.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў у нядзелю, што ягоная краіна «не дазволіць „Хезбале“ аднавіць сваю ўладу», і заклікаў лібанскі ўрад «выканаць свае абавязаньні ў раззбраеньні „Хезбалы“».

Міністэрства аховы здароўя Лібану заявіла, што ў выніку ізраільскага нападу загінулі пяць чалавек і яшчэ 28 былі параненыя.

Міністэрства не назвала імёнаў загінулых у выніку ўдару, нанесеным у паўднёвым прадмесьці Бэйруту Харат-Хурайк, густанаселеным раёне, дзе «Хезбала» мае вялікі ўплыў. Аднак сама групоўка пазьней заявіла, што забітыя чацьвёра яе байцоў.

Гэта ўжо пяты ізраільскі ўдар па паўднёвых прадмесьцях Бэйруту з моманту падпісаньня пагадненьня пра спыненьне агню ў лістападзе 2024 году пасьля году канфлікту. Удар адбыўся за тыдзень да заплянаванага візыту папы Лява XIV у Лібан.

У сваёй заяве вайскоўцы настойвалі на тым, што «застаюцца адданымі» спыненьню агню.

«Хезбала» ў сваёй заяве пацьвердзіла забойства «вялікага камандзіра» Табатабаі ў выніку «здрадлівага нападу Ізраілю».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG