Літоўскія фуры па-ранейшаму не прапускаюць праз мяжу, беларускі бок выпускае толькі грузавікі, якія заехалі на беларускую тэрыторыю ўжо пасьля адкрыцьця мяжы 20 лістапада. Пра гэта Свабодзе паведаміў кіраўнік лягістычнай кампаніі Kelruva і сябра Асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava Віталь Гігевіч.
«Беларускі бок хоча на вышэйшым узроўні вырашыць пытаньне стабільнай працы мяжы. У нашай кампаніі там зараз застаюцца 5 грузавікоў. 20 лістапада мы заплацілі 6700 эўра за іх стаянку. Як толькі была інфармацыя, што мяжа адкрытая, мы гэтую суму адразу пакрылі, мы спадзяваліся, што фуры паедуць, выклікалі кіроўцаў на працу. Ад 20 лістапада за паркоўку яшчэ накáпала 2560 эўра, за прастой яшчэ 2700 эўра. І гэта толькі 5 грузавікоў», — падлічвае Віталь Гігевіч.
Таксама, з словаў суразмоўцы, паралізаваныя маршруты на іншых кірунках, бо яны былі завязаныя на транзыт з Беларусьсю. Кіроўцы кожны дзень прыяжджаюць на стаянку да фураў, каб праверыць іх працу. Большасьць кіроўцаў, з словаў Віталя Гігевіча, — беларусы. Кампанія плаціць ім заробак і падаткі за іх.
«Амаль месяц сэктар паралізаваны. Мы плацім падаткі за супрацоўнікаў, бо калі мы гэтага ня зробім, то вялікая імавернасьць таго, што кіроўцам анулююць дазвол на жыхарства. Ёсьць спадзеў, што беларускаму і літоўскаму бакам удасца дамовіцца, бо мы ўжо больш за тры тыдні чакаем», — кажа Віталь Гігевіч.
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды, мэнэджар лягістычнай кампаніі ў Літве, расказаў, што беларускія мытнікі спасылаюцца на нейкую пастанову, зьместу якой не раскрываюць. Ён мяркуе, што беларускі бок цягне, пакуль не адбудуцца перамовы на ўзроўні МЗС дзьвюх дзяржаваў.
Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што іхная кампанія аплаціла стаянку фураў на беларускім баку да 20 лістапада ў надзеі, што пасьля гэтай даты грузавікі выпусьцяць, аднак гэтага не адбылося.
29 кастрычніка ўрад Літвы прыняў рашэньне на месяц закрыць мяжу зь Беларусьсю ў адказ на прылёт балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Урад Беларусі ў адказ перастаў выпускаць літоўскія грузавікі, такім чынам на беларускім баку апынулася каля 1100 фураў. 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада. Аднак літоўскія грузавікі па-ранейшаму застаюцца на тэрыторыі Беларусі.
Форум