Як стала вядома польскім мэдыя, на волю выпусьцілі чатырох грамадзян Украіны, якіх падазравалі ў рыхтаваньні дывэрсіяў на чыгунцы. Сярод іх кіроўца аўтамабіля, на якім ехалі падазраваныя ў дывэрсіі. У пракуратуры лічаць слушнай вэрсію, што кіроўца ня ведаў, дзеля чаго вязе меркаваных дывэрсантаў на названы адрас. Пры гэтым Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) незадаволенае такім рашэньнем пракуратуры.
Службы вызначылі чатырох украінцаў з Данбасу як саўдзельнікаў злачынства. Дваіх мужчын затрымала паліцыя. Яшчэ дваіх, мужчыну і жанчыну, затрымалі супрацоўнікі ABW. Усе былі ў Польшчы даўно, але не былі знаёмыя паміж сабою.
Пасьля арышту яны правялі пад вартай 48 гадзін, цягам якіх ішлі іх допыты. Затым іх адпусьцілі.
Спэцслужба засталася незадаволенай такім рашэньнем пракурораў.
«Увесь чацьвер і пятніцу мы былі на гарачай лініі з пракуратурай. Яны заявілі, што пададзеных намі доказаў наконт удзелу гэтых чацьвярых у дывэрсіях недастаткова. Мы заявілі, што ўсё складваецца ў адзін бок і дае падставы для выстаўленьня затрыманым абвінавачаньняў», — сказаў высокапастаўлены супрацоўнік ABW выданьню Onet.
У спэцслужбе заяўляюць, што менавіта затрыманьне гэтай чацьвёркі дазволіла высьветліць асобы дваіх галоўных падазраваных у падрывах.
Толькі аднаму з затрыманых мужчын пракуратура выставіла абвінавачаньне, але зусім у іншым: утойваньні дакумэнтаў, у тым ліку расейскіх пашпартоў. Нягледзячы на хадайніцтва сьледчых, суд адмовіўся арыштаваць яго за гэтае парушэньне.
Пракуратура ў размове з журналістамі падкрэсьліла, што ніхто з затрыманых раней чатырох украінцаў сьвядома арганізаваць дывэрсію не дапамагаў. Ёсьць намер выслаць іх з Польшчы, але пакуль ніякай працэдуры наконт іх не пачалі.
Дывэрсіі 15 і 16 лістапада ў Польшчы
Польскія спэцслужбы падазраюць двух украінцаў, завэрбаваных расейскай вайсковай выведкай (ГРУ), як непасрэдных выканаўцаў падрываў: Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава. Абодва прыбылі ў Польшчу зь Беларусі з падробленымі пашпартамі. Іх абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Пасьля ўчыненага нападу яны хутка ўцяклі ў Беларусь, таму спэцслужбы засяродзіліся на пошуку іхных саўдзельнікаў у Польшчы.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў у сераду, 20 лістапада, ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Улады ў Беларусі заявілі, што шукаюць дывэрсантаў на сваёй тэрыторыі, сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.
15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выявілі яшчэ адну выбуховую прыладу, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.
Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.
Форум