Галіна Анушчанка родам з Рэчыцы, у 2025 годзе жыла ў Лідзе, дзе нарадзіла дачку.
21 лістапада 2025 году маладую жанчыну ўключылі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Невядома, ці трымалі Галіну за кратамі, але асудзілі яе нядаўна паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведаміў пра Анушчанку сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
Сваякам былога палітвязьня Лазарава аддалі ягоны пашпарт
Родным прымусова вывезенага ў Літву журналіста Вячаслава Лазарава аддалі ягоны пашпарт.
Былы палітвязень, журналіст Вячаслаў Лазараў сказаў калегам, што праз сваякоў атрымаў свой беларускі пашпарт, які яму ня выдалі па вызваленьні.
Лазараў быў адным з тых 50 палітвязьняў, каго ў верасьні вывезьлі ў Літву без дакумэнтаў і даведкі аб вызваленьні. Былы палітвязень расказаў журналісту «Белсату», як атрымалася, што ён апынуўся ў Літве бяз пашпарту і як яму вярнулі дакумэнт.
«Нам абяцалі, што аддадуць пашпарты, але ў выніку выявілася, што схлусілі. Дзякуючы праваабаронцам мы атрымалі візы на мяжы. А празь некаторы час нечакана пашпарт прыслалі на хатні адрас маёй маці ў Віцебску. Яна перадала яго мне ў Літву. Таму цяпер дакумэнт у мяне на руках. Наколькі я ведаю, больш нікому так не дасылалі», — расказаў Вячаслаў Лазараў «Белсату».
У 2023 годзе відэаапэратара з Віцебску Вячаслава Лазарава асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 6,5 году зьняволеньня. 11 верасьня палітвязьня вызвалілі на падставе памілаваньня, але не адпусьцілі дадому, а вывезьлі ў Літву.
73 палітвязьні асуджаныя на дадатковы тэрмін паводле 411 артыкулу
Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнае палітвязьнямі 1250 асуджаных паводле палітычных матываў. Зь іх, паводле праваабаронцаў, прынамсі 115 перавялі на турэмны рэжым і яшчэ 73 чалавекі асудзілі на новыя тэрміны паводле артыкулу 411 КК — «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Найчасьцей такое пакараньне, паводле «Вясны», атрымлівалі палітвязьні Яўгенія Кульша (чатыры разы), Сяргей Раманаў (тройчы), Алег Яфрэменка (тройчы), Вячаслаў Маляйчук (тройчы).
Іншая праваабарончая ініцыятыва dissidentby, якая вядзе свой сьпіс палітвязьняў, надала адпаведны статус 1285 асуджаным паводле палітычных матываў.
Форум