Паводле сьледчых, ён працаваў на расейскую выведку. І ў верасьні падвёз аднаго з падазраваных у дывэрсіі — Яўгена І., на месца, дзе пазьней учынілі злачынства.
Гэта дапамагло выканаўцу выбраць, дзе лепш закласьці выбухоўку, усталяваць камэры і пакласьці мэталічныя прадметы на рэйкі, — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.
Выбухі на чыгунцы адбыліся ўначы з 15 на 16 лістапада.
Падазраваныя — грамадзяне Ўкраіны Аляксандар К. і Яўген І. — пасьпелі вярнуцца ў Беларусь, адкуль прыехалі раней.
Уладзіміра Б. затрымалі ў Польшчы 20 лістапада. Суд адправіў яго пад арышт.
18 лістапада ў Польшчы затрымалі яшчэ чатырох грамадзян Украіны, якіх падазравалі ў спрыяньні дывэрсантам. Аднак праз 48 гадзін іх выпусьцілі, не знайшоўшы доказаў удзелу ў дывэрсіях, паведаміла пракуратура. Гэта выклікала незадаволенасьць Агенцтва ўнутранай бясьпекі.
Дывэрсіі 15 і 16 лістапада ў Польшчы
Польскія спэцслужбы падазраюць двух украінцаў, завэрбаваных расейскай вайсковай выведкай (ГРУ), як непасрэдных выканаўцаў падрываў: Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава. Абодва прыбылі ў Польшчу зь Беларусі з падробленымі пашпартамі. Іх абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Пасьля ўчыненага нападу яны хутка ўцяклі ў Беларусь, таму спэцслужбы засяродзіліся на пошуку іхных саўдзельнікаў у Польшчы.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў у сераду, 20 лістапада, ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Улады ў Беларусі заявілі, што шукаюць дывэрсантаў на сваёй тэрыторыі, сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.
15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выявілі яшчэ адну выбуховую прыладу, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.
Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.
Форум