Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірны плян ЗША быў зьменены, замест 28 пунктаў у ім засталося 19


Сустрэча дэлегацый ЗША і Ўкраіны ў Жэнэве
Сустрэча дэлегацый ЗША і Ўкраіны ў Жэнэве

Дэлегацыя Ўкраіны ў панядзелак пакінула Жэнэву, дзе вяліся перамовы аб прапанаваным ЗША пляне завяршэньня вайны Расеі супраць Украіны.

Мірнага пляну з 28 пунктаў «у тым выглядзе, у якім яго ўсё бачылі», больш не існуе, частка пунктаў была зь яго выключаная, іншыя пункты зьмененыя. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандр Бэўз па выніках перамоваў, якія прайшлі 23 лістапада ў Жэнэве.

«Украіна абмеркавала з ЗША кожны пункт прапанаванага пляну... ніводная прапанова ўкраінскага боку не засталася без рэакцыі», — паведаміў Бэўз.

Газета Financial Times са спасылкай на свае крыніцы піша аб тым, што з першапачатковых 28 пунктаў засталося 19. Пры гэтым не паведамляецца, якія пункты былі выключаныя, а якія зьменены.

Раней у панядзелак былі апублікаваныя таксама прапановы, сфармуляваныя лідэрамі ЭЗ. Яны грунтуюцца на пляне з 28 пунктаў, але шмат у чым мяняюць яго канкрэтныя пункты.

У прыватнасьці гэты эўрапейскі плян прадугледжвае, што перамовы аб тэрыторыях павінныя пачынацца з цяперашняй лініі судакрананьня. У амэрыканскім варыянце прапаноўвалася дзяліць толькі Херсонскую і Запароскую вобласьці, у той час як Крым, Луганскую і Данецкую вобласьці прапанавалася прызнаць расейскімі дэ-факта.

Прапановы лідэраў ЭЗ таксама не забараняюць Украіне ўступаць у NATO — рашэньне прапануецца прымаць пасьля дасягненьня кансэнсусу ўнутры альянсу.

Расейскія актывы ў Эўропе, згодна з эўрапейскім плянам, павінныя заставацца замарожанымі да таго часу, пакуль Расея не пакрые Ўкраіне шкоду.

Няясна, якія элемэнты гэтага пляну былі ўключаныя ў цяперашні працоўны варыянт мірнага пляну, які пакуль не апублікаваны. Кіраўнік Эўрапейскай Рады Антоніу Кошта ў панядзелак, камэнтуючы перамовы ў Жэнэве, заявіў, што быў дасягнуты істотны прагрэс, аднак шэраг дэталяў яшчэ ня ўзгоднены. Пра тое ж гаварылася і ў сумеснай заяве ЗША і Ўкраіны па выніках перамоваў.

У Анголе ў панядзелак прайшла нефармальная сустрэча лідэраў краін ЭЗ, прысьвечаная мірным перамовам. Эўрапейскія лідэры прыбылі ў Анголу на саміт з краінамі Афрыкі і вырашылі правесьці спэцыяльную сустрэчу, каб абмеркаваць тэму вайны ва Ўкраіне.

Мірную ініцыятыву ЗША пракамэнтаваў у панядзелак таксама памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ушакоў. Ён сказаў, што ў Маскве знаёмыя «з адным з варыянтаў» мірнага пляну ЗША, але дэталёвых перамоваў па ім не было. Ушакоў таксама выказаў меркаваньне, што праект зазнае мадыфікацыі з боку Расеі, Украіны, Эўропы і ЗША.

Па словах памочніка Уладзіміра Пуціна, многія палажэньні амэрыканскага пляну, зь якім азнаёмілася Масква, уяўляюцца прымальнымі, эўрапейскі ж плян «Расеі не падыходзіць».

У паведамленьні Крамля аб тэлефоннай размове Пуціна з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам, якая адбылася 24 лістапада, сказана, што Пуцін адзначыў, што прапановы ЗША «ідуць у рэчышчы абмеркаваньняў на расейска-амэрыканскай сустрэчы ў вярхах на Алясцы і ў прынцыпе могуць быць пакладзеныя ў аснову канчатковага мірнага ўрэгуляваньня».

  • 20 лістапада стала вядома, што ЗША ў новым праекце прапановаў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне заклікалі Кіеў адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі і часткі ўзбраеньня. Прапановы ЗША таксама ўключалі скарачэньне Ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў.
  • 21 лістапада ўкраінская служба Радыё Свабода апублікавала тэкст мірнага пляну. Ён меў на той момант 28 пунктаў у 8 блёках і прадугледжваў прызнаньне Крыму, Данеччыны і Луганшчыны de facto расейскімі, а на тэрыторыях Херсоншчыны і Запароскай вобласьці — «замарожаную» лінію сутыкненьня.
  • Плян таксама прадугледжваў адмову Ўкраіны ад інтэграцыі ў NATO, скарачэньне яе войска і правядзеньне выбараў праз 100 дзён пасьля падпісаньня мірнай дамовы з Расеяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG