Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: месца знаходжаньня зьніклай дзевяць месяцаў таму Анжалікі Мельнікавай ня вызначана


Анжаліка Мельнікава на форуме ў Гданьску ў лютым 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Анжаліка Мельнікава на форуме ў Гданьску ў лютым 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка заявіў, што дэмакратычныя сілы ня маюць ніякай інфармацыі аб зьніклай колішняй кіраўніцы Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

«На жаль, я абмежаваны перадаваць публічна інфармацыю. Сёньня, магу [...] сказаць, у мяне была [...] на гэтую тэму сустрэча. І мне сказалі, што на сёньня месцазнаходжаньне Анжалікі Мельнікавай ня вызначана», — сказаў Павал Латушка на брыфінгу ў Варшаве 24 лістапада, паведаміла выданьне «Позірк».

Ужо прайшло больш за дзевяць месяцаў з моманту зьнікненьня Мельнікавай, нагадаў ён: «І няма ніякіх пацьверджаных зьвестак, дзе яна можа знаходзіцца [...] — гэта мне сказалі абсалютна адназначна».

«Ідзе разьбіральніцтва, крымінальная справа. Вядзе яе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры», — дадаў Латушка.

Кіраўнік НАУ таксама паведаміў аб новай спробе вярбоўкі спэцслужбамі Менску ягоных паплечнікаў — «за апошнія тыдні»: «Да мяне зьвярнулася таксама [яшчэ] адна актывістка з такім жа самым запытам».

Мельнікава эмігравала зь Беларусі ў верасьні 2020 году. У 2022 годзе ў Польшчы далучылася да НАУ. У ліпені 2024-га яе абралі сьпікерам КР (з канца сакавіка 2025 году функцыі сьпікера выконвала Станіслава Гліньнік, у сярэдзіне траўня новым сьпікерам стаў Арцём Брухан). Мае беларускае і польскае грамадзянства.

28 сакавіка стала вядома, што Мельнікава знаходзіцца не на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка 2025 году. Пачалі выказвацца розныя вэрсіі: ад выкраданьня спэцслужбамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да таго, што палітык сама была агенткай.

Група журналістаў The Insider і Polityka апублікавала сэрыю матэрыялаў, зь якіх вынікала, што яшчэ напрыканцы лютага Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лёндан, у Вялікай Брытаніі перасела на самалёт да Шры-Лянкі, а адтуль — у Дубай. Пасьля гэтага яе сьлед згубіўся. Расьсьледнікі ня выключылі, што Мельнікаву магла завэрбаваць вайсковая выведка Беларусі.

5 кастрычніка маёр контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бясьпекі ў адстаўцы, супрацоўніца факультэту міжнародных дачыненьняў Беластоцкага ўнівэрсытэту Ганна Грабоўска-Сівец у эфіры польскай тэлевізіі выказала меркаваньне, што Мельнікава была завэрбаваная і супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі яшчэ да эміграцыі.

Паводле фактаў спробаў вярбоўкі супрацоўнікаў НАУ спэцслужбамі Беларусі Акруговая пракуратура Варшавы завяла крымінальную справу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG