Як вынікае з пастановы Савету міністраў Беларусі № 665 ад 22 лістапада 2025 году, адпаведныя зямельныя ўчасткі маюць быць перададзеныя ў гаспадарчае выкарыстаньне — пераважна аграрным прадпрыемствам Веткаўскага, Жлобінскага і Чачэрскага раёнаў Гомельшчыны.
Найбольшае ўзбуйненьне за кошт уведзеных у карыстаньне земляў — у Веткаўскім раёне ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Цяплічнае» — 266,8916 га, гэта буйны комплекс вырошчваньня гародніны ў закрытым грунце. На 230 га прырасьце ААТ «Мормаль» у Жлобінскім раёне, вытворца збожжа і прадукцыі жывёлагадоўлі. Яшчэ шэсьць гаспадарак прырастуць на некалькі дзясяткаў гектараў кожная.
Як перадае «Позірк», спасылаючыся на Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі (Дзяржатамнагляд), на 1 студзеня 2025 году ў зонах радыяактыўнага забруджваньня жылі больш за 930 тысяч чалавек, зь іх 181 тысяча дзяцей. На забруджаных тэрыторыях знаходзіцца каля 2 тысяч населеных пунктаў. Забруджанымі застаюцца каля 25 тысяч квадратных кілямэтраў — прыкладна 12% тэрыторыі краіны.
Як тлумачыць Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі, шчыльнасьць забруджаньня радыянуклідамі земляў зьніжаецца з прычыны іх натуральнага распаду. У сувязі з гэтым з другой паловы 1990-х гадоў радыяцыйна небясьпечныя землі вяртаюць у сельскагаспадарчы абарот. Гэтым займаецца Дзяржатамнагляд, экспэртныя абгрунтаваньні даюць яшчэ два дзясяткі ведамстваў.
Яшчэ ў 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка паабяцаў спыніць размовы пра тое, што «Беларусь — чарнобыльская рэспубліка», зь ягонай ініцыятывы актыўна пашыраецца выкарыстаньне сельскагаспадарчых угодзьдзяў на забружаных радыяцыяй тэрыторыях, іх вяртаюць ва ўжытак, укладаюць грошы ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў, па разьмеркаваньні ў так званую «чарнобыльскую зону» накіроўваюць маладых спэцыялістаў.
Форум