Праваабарончы цэнтар «Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 124 пацьверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту.
Вядома, што некалькі судоў у гэтай справе адбылося 24 лістапада ў розных гарадах Беларусі.
Агульная ж лічба затрыманых значна большая. Затрыманьні ідуць па ўсёй Беларусі дагэтуль. Таксама вядома, што некаторых затрыманых адпускаюць да суду пад заклад, піша «Вясна».
Вядома, што фігурантам справы прысуджаюць як «хатнюю хімію», так і «хімію» з накіраваньнем у месцы адбыцьця пакараньня, і зьняволеньне ў папраўчай калёніі.
Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» займалася зборам зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.
Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага сёлета. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.
Праваабаронцы прагназуюць, што фігурантаў «справы Гаюна» можа быць да 1000 чалавек.