Як паведаміў Дзьмітры Брылёў, начальнік упраўленьня Генэральнай пракуратуры Беларусі, пасьля праверкі, праведзенай разам з супрацоўнікамі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менскага гарвыканкаму, упраўленьня барацьбы з карупцыяй пракуратуры, завялі 16 крымінальных справаў аб атрыманьні і дачы хабараў, а таксама за крадзяжы праз злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі ў дзяржаўных кампаніях.
Сума хабараў складала ад 300 рублёў да 2 тысяч даляраў, паведаміў Брылёў, а сума скрадзенага — 15 тысяч рублёў.
«Раскрытыя злачынныя схемы крадзяжоў, хабарніцтва і перадачы незаконных узнагароджаньняў службоўцам дзяржаўных арганізацыяў пераапрацоўчай і энэргетычнай галінаў за станоўчае вырашэньне пытаньняў», напрыклад, аб выбары канкрэтнага прадпрыемства ў якасьці пастаўніка прадукцыі, падрадніка ў аказаньні паслугаў, аб заключэньні зь імі дамоваў і іх аплаты; аб прыёмцы ў эксплюатацыю электрасетак на аб’ектах будаўніцтва, аб правядзеньні выпрабаваньняў і прыёме ў цэлым аб’ектаў будаўніцтва. Памер хабару вызначалі адпаведна суме атрыманых ад замоўніка грошай — да 2% ад сумы замовы, зыходзячы з аб’ёмаў і частаты адгрузкі, своечасовасьці аплаты. Хабар складаў ад 300 рублёў да 2 тысяч даляраў ЗША, — паведаміў Брылёў.
Цяпер тэрмін зьняволеньня адбывае былы намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк, які быў асуджаны на 6 гадоў увязьненьня ўзмоцненага рэжыму за атрыманьне хабару ў 35 тысяч эўра ад замежнай кампаніі за забесьпячэньне яе ўдзелу ў будаўніцтве і мадэрнізацыі высакавольтных лініяў у Беларусі.
Паводле агучанага раней абвінавачаньня, Міхадзюк з 2018 па 29 сьнежня 2023 году некалькі разоў прыняў хабар ад прадстаўніка кампаніі RIKO на агульную суму 35 тысяч эўра. Таксама ён прыняў у Менску хабар у сэрбскіх дынарах «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю».