Менавіта негалосныя правілы, паводле дасьледаваньня вясноўцаў, вызначаюць для палітвязьняў, ці будуць іх караць за неіснуючыя парушэньні, трапяць яны ў ШЫЗА на трое сутак або на тры месяцы, ці атрымаюць магчымасьць падтрымаць сувязь з роднымі.
«Афіцыйна гэтых нормаў няма, але на практыцы яны фармуюць цэлы рэжым — асобны, больш жорсткі і кантрольны, створаны менавіта для палітычных», — мяркуюць у «Вясьне» і прапануюць гісторыі былых палітвязьняў калёній № 22, № 4, № 1, № 11, № 12, № 2, № 20 ды іншых установаў. Свабода абрала зь іх тры гісторыі.
«З карантыну ты адразу паедзеш у ШЫЗА»
Грамадзкі дзеяч Павал Вінаградаў, які адбываў пяцігадовы тэрмін на строгім рэжыме, расказаў пра негалосныя правілы, уласьцівыя для розных калёній.
«У баранавіцкае СІЗА № 6, дзе я чакаў апэляцыю, прыяжджалі асуджаныя з калёній ды апавядалі рознае пра тое, як там жывуць людзі з прафіляктычным улікам за „экстрэмізм“. Яны казалі, што асуджаныя за палітыку будуць пакутаваць. Асуджаныя на строгі рэжым абавязкова падымаюцца на атрад праз штрафны ізалятар. З „карантыну“ ты адразу едзеш у ШЫЗА. Гэта негалоснае правіла. Ну і наогул палітычныя будуць наведваць штрафны ізалятар часта. Ёсьць загад знаходзіць нейкія пакараньні, ды па-любому іх саджаць. Яны давалі параду прызнаць віну і казаць, што ты выправіўся. Я тады падумаў, што мне будзе цяжка. Калі ішлі па этапе, мне іншыя асуджаныя казалі, што цяпер прыеду ў калёнію і буду сядзець у ШЫЗА».
У выпадку Паўла Вінаградава, які адбываў пакараньне ў ваўкавыскай калёніі, гэтае негалоснае правіла сапраўды пацьвердзілася.
«Ці не зашмат у цябе вольнага часу, калі пішаш лісты на чатырох старонках?»
Былы палітвязень з наваполацкай калёніі № 1, які вырашыў не называць публічна сваё імя, мяркуе, што мэтай усталяваньня негалосных правілаў ёсьць наступныя: абмежаваць, ізаляваць, пазбавіць вязьня ягоных правоў.
«З таго, што я бачыў, нелегальна пагартаўшы правілы ўнутранага распарадку, там не было асобных разьдзелаў для пэўных прафулікаў. Не было забаронаў на наведваньне спартовага гарадка, клюбу, царквы, удзелу ў конкурсах, кінапраглядах.
Таксама не было прапісана, што на прамысловай зоне чалавек павінен шукаць працоўнае адзеньне сам, выбіраць з паўзношанага, з цэтлікамі вызваленых сядзельцаў, якія насілі яе не адзін год. Што немагчыма ніякім чынам адрамантаваць сваё адзеньне, бо забароненыя іголкі.
Альбо: нельга было пісаць доўгія лісты. Аднаго зьняволенага выклікалі за ліст на больш як чатыры старонкі сшытку і пыталіся, ці не занадта ў яго вольнага часу, што ён піша такія доўгія лісты. Другога выклікалі за пытаньне аб штучным інтэлекце, даўшы зразумець, што ў турме такія веды не патрэбныя. Ніякія лацінскія словы ў лістах не дапускаліся», — згадаў непрапісаныя парадкі ў ПК-1 былы палітвязень.
Як і навошта з палітычных робяць «злосных парушальнікаў»
Блёгер Зьміцер Казлоў (Шэры кот) згадвае, што адным зь негалосных правілаў у бабруйскай калёніі № 2, куды ён трапіў у верасьні 2021 году, было тое, што ў кожнага «палітычнага» павінна быць нязьнятае парушэньне — каб ён меў статус «злоснага парушальніка», які ня стаў на шлях выпраўленьня.
«Гэта для таго, каб былі фармальныя нагоды для адмовы паводле ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, амністыі і замене рэжыму», — лічыць Казлоў.
У калёніі № 2 Зьміцер Казлоў знаходзіўся з 2021 году. Паводле былога вязьня, правоў у палітычных станавілася штогод менш.
«У 2023 годзе дайшло да таго, што „палітычным“ забаранілі вучыцца ў ПТВ, удзельнічаць у розных гуртках — з 10-м прафулікам стала фактычна немагчыма нідзе ўдзельнічаць. У 2024 годзе стала яшчэ горш. З „палітычных“ адразу забаранілі браць цыгарэты (за рамонт, напрыклад), на прыборку прыбіральні і г. д., гэта кампэнсавалася тым, што нам ставілі больш дзяжурстваў. Цяжка было запісацца ў царкву. Таксама перасталі пускаць на кароткатэрміновыя спатканьні. Як толькі хтосьці напіша заяву, на яго вешалі парушэньне альбо адпраўлялі ў ШЫЗА, і такім чынам пазбаўлялі спатканьня», — згадаў Зьміцер Казлоў.
Больш пра негалосныя парадкі пра беларускіх палітвязьняў можна прачытаць у дасьледаваньні «Вясны».
Форум