Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў пра выяўленыя парушэньні закону ў Аб’яднаным інстытуце машынабудаваньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Паводле вэрсіі праверкі, намесьнік дырэктара прапанаваў дырэктару схему прысабечаньня сродкаў, вылучаных на распрацоўку электрамабіля. Часткі фінансаваньня выплачваліся дзевяці супрацоўнікам. Затым палова гэтых грошай вярталася і дзялілася паміж дырэктарам, намесьнікам дырэктара, галоўным бухгальтарам і эканамістам. Найбольшую долю атрымліваў намесьнік дырэктара. Пра гэта піша дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на старшыню Камітэту дзяржкантролю Васіля Герасімава.
Пасьля вычарпаньня тэмы электрамабіляў удзельнікі схемы аналягічным спосабам пачалі дзейнічаць у праекце, зьвязаным з распрацоўкай вадародных рухавікоў. Там таксама выяўленыя незаконныя дзеяньні, якія зараз ацэньваюцца дадаткова.
Нядаўна праект зборкі беларускага электракару зазнаў крытыкі, успамінае ў сваёй публікацыі праект на аўтамабільную тэматыку abw.by. Аляксандр Лукашэнка ў час нарады з навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук пацікавіўся ў кіраўніцтва ўстановы: дзе абяцаны беларускі электрамабіль, які распрацоўвала НАН? Яму адказалі, што ёсьць прататыпы. «Проста выглядаюць, як Coolray, каштуюць, як Rolls-Royce, а едуць, як „Жыгулі“», — заявіў кіраўнік НАН Уладзімер Каранік.
Электрамабілі набываюць усё большую папулярнасьць сярод беларусаў. Праўда, пакуль замежныя. У жніўні Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю паведамляла, што за паўгодзьдзе колькасьць электрамабіляў у краіне павялічылася на 40%.
У студзені сёлета намесьнік старшыні прэзыдыюму НАН Беларусі Сяргей Чыжык заяўляў, што ў Беларусі выпусьцілі досьледную партыю айчынных легкавых электрамабіляў. Аўтарамі партыі былі НАН супольна з заводам «Белджы». Тады было заяўлена, што 70% складнікаў электрамабілю — беларускія.
Прадстаўнікі Акадэміі навук неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасьля ўзоры мелі абмежаваную ступень лякалізацыі. Навукоўцы ня раз заяўлялі аб складанасьці арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку з прычыны спэцыфікі вырабу батарэй, адсутнасьці лініі для вытворчасьці кузаваў і інш.
- У жніўні 2017 году ў Нацыянальнай акадэміі навук заявілі пра стварэньне «экспэрымэнтальнага ўзору» першага беларускага электрамабіля на базе Geely. Старшыня прэзыдыюму НАН тады заявіў, што ўжо «прапрацоўваюцца варыянты, дзе можна арганізаваць сэрыйную вытворчасьць».
- У ліпені 2021 году Мінэнэрга казала, што першую партыю беларускіх электрамабіляў выпусьцяць да канца году.
- 22 кастрычніка 2021 году Лукашэнка даручыў пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, паколькі «ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам», а таксама з «улікам запуску Беларускай АЭС». Месяцам пазьней ён падпісаў указ № 447 аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.
- 10 верасьня 2022 году Абʼяднаны інстытут машынабудаваньня Акадэміі навук Беларусі прадставіў «першы айчынны спартовы электрамабіль» на ралі Minsk ELECTRO-2022. Начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтру АІМ Аляксандар Бялевіч паведаміў, што «большасьць электронікі ў электрамабілі, у тым ліку сыстэма кіраваньня, уласнай вытворчасьці».
- У сярэдзіне сьнежня 2024 году «Белджы» паказала абноўленую вэрсію электрамабіля Belgee EX50 — першага электрамабіля, распрацаванага сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. Паведамлялася, што ўсяго іх «пяць штук».
- Праз восем гадоў пасьля заявы пра «экспэрымэнтальны ўзор» першага беларускага электрамабілю, у 2025-м у краіне так і няма сэрыйнае вытворчасьці такога віду транспарту.
Форум