У сувязі з працяглымі прылётамі кантрабандысцкіх паветраных балёнаў у Літву зь Беларусі і адмовай Менску адпусьціць затрыманыя літоўскія грузавікі прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што тэхнічныя пытаньні ня варта пераводзіць на палітычны ўзровень.
«Літва, безумоўна, гатовая да супрацы на тэхнічным узроўні ў пошуках рашэньняў. Мы не паддамося шантажу, але і не станем затыкаць вушы і зачыняць дзьверы», — заявіў кіраўнік літоўскай дзяржавы, якога цытуе BNS.
З словаў Наўседы, улады Беларусі хочуць скарыстацца сытуацыяй і няпэўнасьцю вакол прадстаўленага ЗША мірнага пляну, накіраванага на спыненьне вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.
«Давайце зразумеем, што Беларусь — блізкі хаўрусьнік Расеі, таму іхныя дзеяньні, у тым ліку дэстабілізацыйныя, могуць быць скаардынаваныя. І чым больш няпэўнасьці, чым больш шуму, тым больш выгадна гэтым агрэсіўным рэжымам», — сказаў прэзыдэнт Літвы.
Ён запэўніў, што Літва шчыльна супрацоўнічае з сваімі хаўрусьнікамі на палітычным узроўні, у гэтым працэсе таксама ўдзельнічаюць ЗША.
«Гэта тэхнічныя пытаньні, якія памежнікі з абодвух бакоў могуць вырашыць без праблемаў, і няма патрэбы ў гэтай штучнай спробе абвастрыць сытуацыю і перавесьці пытаньне на палітычны ўзровень», — адзначыў Наўседа.
Будрыс: Беларусь дабіваецца кансультацыяў на ўзроўні МЗС, каб выйсьці з ізаляцыі
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Беларусь дамагаецца кансультацыяў на ўзроўні МЗС, бо гэта адкрыла б Менску шлях да выхаду з міжнароднай палітычнай ізаляцыі; рэжым дамагаецца і зьняцьця санкцый, — прыводзіць словы Будрыса BNS.
«Імкненьні Беларусі зразумелыя, некаторыя зь іх вельмі канкрэтныя і вядомыя, бо мы бачылі, як гэтыя імкненьні агучваліся на перамовах з ЗША», — сказаў кіраўнік літоўскай дыпляматыі ў этэры радыё LRT у сераду.
«Першая задача — зьмяніць, кажучы наўпрост, пераламаць палітыку Эўрапейскага Зьвязу стасоўна Беларусі і Расеі, — палітыку міжнароднай ізаляцыі і адмаўленьня перамоваў з рэжымам», — сказаў ён.
З словаў Будрыса, ЭЗ праводзіць такую палітыку стасоўна Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, масавымі парушэньнямі правоў чалавека і спрыяньнем агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.
«Ужо толькі тое, што ты выходзіш размаўляць на палітыка-дыпляматычным узроўні, азначае, што гэты крок ужо зроблены, за ім ідуць усе астатнія крокі — як наконт месца Беларусі ў міжнародных арганізацыях, так і наконт далейшага лёсу розных пагадненьняў, наагул наконт месца Беларусі ў сьвеце», — заявіў літоўскі міністар.
«Мы ўжо бачым, як Лукашэнка пасьпяхова выкарыстоўвае бягучыя перамовы з адміністрацыяй ЗША», — сказаў Будрыс.
Паводле кіраўніка літоўскай дыпляматыі, Менск таксама дамагаецца зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў, якія «вельмі балючыя для іх у эканамічным і фінансавым пляне».
«Таму яны выбралі Літву як мішэнь, але ня думаю, што гэта пытаньне толькі аб Літве, гэта пытаньне ЭЗ», — адзначыў Будрыс.
Праз пагрозу кантрабандысцкіх паветраных балёнаў Літва закрывала мяжу з Беларусьсю, але потым, матывуючы гэта паляпшэньнем сытуацыі, вырашыла адкрыць яе на дзесяць дзён раней за плянаваны тэрмін.
Памежныя пункты пропуску Меднікі і Салечнікі працуюць з поўначы мінулага чацьвярга, аднак менскія ўлады не выпускаюць літоўскіх грузавікоў з краіны.
Літоўскія палітыкі называюць запускі кантрабандысцкіх паветраных балёнаў гібрыднай атакай.
24 лістапада Літва выказала Беларусі чарговы пратэст у сувязі з новымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы кантрабандысцкімі мэтэазондамі. У той жа дзень кіраўніца літоўскага ўраду Інга Ругінене ня выключыла магчымасьці паўторнага закрыцьця памежных пераходаў з Беларусьсю пасьля новых інцыдэнтаў з закрыцьцём Віленскага аэрапорту ўвечары 23-га і ў ноч на 24 лістапада праз новыя прылёты кантрабандных балёнаў.
Пазыцыя МЗС Беларусі
У пачатку лістапада, калі памежныя пункты пропуску яшчэ былі закрытыя, міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што ў сувязі зь перавышэньнем паўнамоцтваў памежнымі службамі далейшыя перамовы з Літвой будзе весьці Міністэрства замежных справаў. Літоўскія палітыкі адмаўляюцца весьці перамовы на ўзроўні, вышэйшым за тэхнічны.
Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, які 25 лістапада знаходзіцца зь візытам у Маскве, зноў назваў пазыцыю ўладаў Літвы стасоўна становішча на мяжы «сытуацыйнай, эмацыйна нястрыманай і ў нейкай ступені нават гістэрычнай», а таксама прадыктаванай з Брусэлю і Вашынгтону.
У той жа час ён заявіў, што беларускі бок настойвае на перамовах на палітычным узроўні, каб канчаткова ўрэгуляваць «усе праблемныя пытаньні на мяжы».
У Менску заявілі, што ў Беларусі заблякаваныя 1818 літоўскіх грузавікоў.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.
Форум