У сераду 26 лістапада ў Падбродзьдзі афіцыйна адкрываецца вайсковая інфраструктура для амэрыканскіх вайскоўцаў у Літве.
На палігоне імя генэрала Сільвестраса Жукаўскаса пабудавалі тры казармы, шматфункцыйны цэнтар з спартовай заляй і вучэбнымі клясамі, сталоўкі, зону тэхнічнага абслугоўваньня, верталётныя пляцоўкі і іншыя аб’екты, піша BNS.
Міністэрства абароны Літвы паведаміла, што ў цырымоніі адкрыцьця прымуць удзел міністар абароны Робертас Каўнас, амбасадар ЗША пры NATO Мэт’ю Ўітакер, амбасадарка ЗША ў Літве Кара Макдональд, вайскавод Сухаземных сілаў Літвы Нярыюс Станкявічус і вайскавод Сухаземных сілаў ЗША ў Эўропе і Афрыцы Крыстафэр Донаг’ю.
Будаўніцтва інфраструктуры выканала кампанія Merko statyba.
Тут абсталяваныя сыстэмы водазабесьпячэньня вадой, газам і электрычнасьцю, каналізацыі, падлучаныя да сетак бліжэйшага гораду. Рэканструявалі чыгуначную рампу з новымі ўзмоцненымі жалезабэтоннымі сьценамі, абсталявалі пляцоўку для разгрузкі, адрамантавалі наяўныя дарогі і пабудавалі новыя асфальтабэтонныя і бэтонныя дарогі.
Паводле Міністэрства абароны Літвы, у кастрычніку 12-я ратацыя амэрыканскіх узброеных сіл у Літве пераехала ў казармы на палігоне ў Падбродзьдзі.
Праект, будаўніцтва ў рамках якога пачалі ў верасьні 2023 году, фінансавалі Міністэрства абароны Літвы і NATO ў супрацы з Агенцтвам падтрымкі і закупаў NATO (NSPA).
Інвэстыцыі Літвы ў інфраструктуру для амэрыканскіх войскаў перавышаюць 200 млн даляраў ЗША.
Амэрыканскія салдаты пэрыядычна праходзяць ратацыю ў Літве зь вясны 2014 году, а цяжкаўзброеныя батальёны разьмешчаныя ў краіне з 2019 году.
Дысьлякаваны ў Літве амэрыканскі батальён з 2022 году ўзмоцнены артылерыйскім падразьдзелам.
Аднак у цяперашні час Вашынгтон пераглядае прысутнасьць сваіх сілаў у Эўропе, а Літва імкнецца захаваць ці павялічыць наяўны ў краіне вайсковы кантынгент.
Форум