Сёньня ў Беларусі ня меней як 258 кнігаў забароненыя з палітычных і ідэалягічных прычынаў. Мець такую кнігу дома — рызыка штрафу і зьняволеньня. Пад забаронай знаходзяцца прынамсі 208 аўтараў.
За апошнія 5 гадоў у Беларусі зьліквідалі пяць выдавецтваў, ня менш за 33 літаратары знаходзяцца ў няволі.
Забарона кніг — ня толькі акт цэнзуры, але й парушэньне права на свабоду слова і на доступ да інфармацыі, замацаванага міжнароднымі дамовамі. Беларускі ПЭН нагадаў, што дакумэнтуе кожны выпадак, каб праўда пра рэпрэсіі ў галіне культуры была захаваная і пачутая.
На адмысловым сайце — некаторыя гісторыі аўтараў і іхных твораў, юрыдычныя наступствы забароны. Гэта напамін: нават калі кнігу забараняюць, яна не зьнікае. Беларускі ПЭН уключае ў свае сьпісы тыя кнігі, якія паводле міжнародных стандартаў ня могуць быць забароненымі.
У Беларусі тры сьпісы забароненых кніг: афіцыйны «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», афіцыйны сьпіс «матэрыялаў, якія могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам», нефармальны сьпіс, якога няма ў адкрытым выглядзе, але бібліятэкі і кнігарні ведаюць, якіх аўтараў нельга мець у доступе. Ён ствараецца праз даносы, візыты ідэолягаў і самацэнзуру, адзначылі ў ПЭНе.
Пра ацэнкі актаў забароны «Польскаму радыё» расказала старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай:
«Мы можам рабіць ацэнку, грунтуючыся на нашым разуменьні сытуацыі. Але экспэртныя меркаваньні павінны грунтавацца на падставе судовых рашэньняў, на аснове таго, што кажуць самыя ўлады, прымаючы тыя ці іншыя рашэньні. У нармальнай сытуацыі павінна быць судовае рашэньне з аргумэнтацыяй, чаму, на думку суду, гэтая кніга „экстрэмісцкая“. Мы такой раскошы ня маем. Таму нашыя меркаваньні базуюцца на разуменьні сытуацыі.
На маю думку, туды трапляюць кнігі праз гістарычную памяць. То бок кнігі, якія маюць адрозную ад афіцыйнай вэрсіі гісторыю ў шырокім разуменьні гэтага слова. Гэта кнігі, якія датычаць ідэнтычнасьці Беларусі, кнігі, наратыў у якіх адрозьніваецца ад наратыву ідэалягічных сэрвісаў дзяржавы. Улады ўспрымаюць літаратуру і культуру як нешта, што павінна абслугоўваць ідэалягічныя інтарэсы сёньняшняй дзяржавы. І гэта, напэўна, той ключ, які можа патлумачыць выбар кніг».
Адной з адметнасьцяў беларускага становішча ёсьць тое, што ўлады забараняюць кнігі, якія яшчэ некалькі гадоў таму выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах.
«Кніга Алеся Петрашкевіча прайшла цэнзуру Савецкага Саюзу, але не прайшла беларускую пасьля 2020 году. Маім любімым прыкладам зьяўляюцца кнігі Ўладзімера Арлова. Ягоная кніга ёсьць у сьпісе „экстрэмісцкіх матэрыялаў“, але мы ведаем, што й іншыя ягоныя кнігі ня могуць зьявіцца ў кнігарнях. Яны ў нефармальным сьпісе. Да 2020 году ягоныя кнігі, калі яшчэ быў жывы міністар замежных справаў Макей, былі часткай падарункаў замежным дэлегацыям», — дадала Тацяна Нядбай.
Забарона кніг — пагроза існаваньню мовы, літаратуры і культуры. Беларускі ПЭН падкрэсьлівае, што беларусы, намагаючыся захаваць сваю тоеснасьць, дзейнічаюць ня толькі без падтрымкі дзяржавы, але й змагаюцца зь яе абмежаваньнямі. Друк шмат якіх беларускіх кніг у Беларусі сёньня немагчымы. З аднаго боку, зьліквідаваныя ў Беларусі і выпхнутыя за мяжу беларускія незалежныя выдавецтвы ня маюць змогі сыстэмна пастаўляць свае кнігі ў Беларусь, з другога — мова, тэма ці аўтар кнігі могуць стаць прычынай адмовы выпускаць яе ў выдавецтвах, што яшчэ засталіся ў Беларусі.
Падрабязна пра забароны на кнігі ў Беларусі Свабода пісала ў гэтым месяцы. У публікацыі названыя імёны забароненых аўтараў, некаторыя кнігі, ёсьць спроба прасачыць лёгіку дзяржаўных цэнзараў.
Форум