Таксама ў мужчынаў сканфіскавалі 15% грошай, якія яны зарабілі незаконна, паведаміла Міністэрства падаткаў і збораў (МПЗ).
Братоў пакаралі за «прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі». Факты выкрыла праверка, праведзеная супольна падатковымі, мытнымі і памежнымі органамі.
Паводле МПЗ, жыхары Берасьцейскай вобласьці «зарганізавалі нелегальны бізнэс у пошуку і прыцягненьні да хуткага праходу мяжы асобаў з „ільготнай“ катэгорыі грамадзян».
Гэта значыць, яны шукалі людзей, якія могуць праходзіць мяжу па-за агульнай чаргой — гэта людзі з абмежаванымі магчымасьцямі (1 і 2 групы інваліднасьці), людзі, якія едуць зь дзецьмі да трох гадоў, а таксама зь дзецьмі з абмежаванымі магчымасьцямі да 18 гадоў. Такіх людзей бралі ў машыны, каб прадаць іншым магчымасьць хутка прайсьці чаргу на мяжы.
«У часе правядзеньня кантрольнай закупкі ў аўтамабіль падсадзілі „льготніка“, якому належала толькі частка ад абумоўленай за паслугу сумы, астатняе забіралі арганізатары схемы. Даказаныя факты ня менш як 40 платных „падсадак“, высьветленая сума незаконнага даходу, арыштаваныя транспартныя сродкі, якія выкарыстоўвалі ўдзельнікі схемы ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці», — паведаміла МПЗ.
Паслугі ў куплі-продажы месцаў у чэргах на мяжы сталі асабліва актуальнымі, калі ў чарзе ў пункце пропуску «Берасьце» зьбіраліся тысячы машын, каб выехаць у Польшчу.
Форум