Як паведамляе Белстат у апошнім статыстычным аглядзе, вынікі вонкавага гандлю Беларусі надалей пагаршаюцца: экспарт тавараў падае, а імпарт, наадварот, расьце.
«Гандлёвы абарот у студзені–верасьні 2025 году склаў 75 479,2 млн. даляраў ЗША, у тым ліку экспарт — 37 319,2 млн даляраў, імпарт — 38 160 млн даляраў. Да ўзроўню студзеня–верасня 2024 году з разьліку ў бягучых цэнах абарот вонкавага гандлю таварамі і паслугамі склаў 101,4 працэнта — экспарт — 100,7 працэнта, імпарт — 102,1 працэнта», — паведаміў Белстат.
У выніку гэтага сальда замежнага гандлю ў студзені–верасьні склала мінус 840 млн даляраў, а за той жа пэрыяд мінулага году — мінус 310 млн даляраў.
«Вызначальны ўплыў на фармаваньне агульнага кошту экспарту тавараў і паслуг аказваюць замежнагандлёвыя апэрацыі з таварамі, доля якіх у студзені–верасьні 2025 г. склала 77,5%», — паведаміў Белстат.
Белстат паведамляе, што адмоўнае сальда гандлю таварамі склала за студзень–верасень 3,88 млрд даляраў. Экспарт тавараў моцна заняпаў, бо кошт беларускага экспарту падае, а імпарту ў Беларусь — расьце.
«Экспарт тавараў склаў 28 918,3 млн. даляраў, імпарт — 32 801,7 млн. даляраў. Кошт экспарту ў параўнаньні з студзенем–верасьнем 2024 г. у бягучых цэнах зьменшыўся на 3%, або на 890,4 млн даляраў, кошт імпарту павялічыўся на 1%, або на 310,3 млн даляраў.
Сальда вонкавага гандлю таварамі ў студзені–верасьні 2025 г. склалася адмоўнае — мінус 3 883,4 млн даляраў (у студзені–верасьні 2024 г. адмоўнае сальда складала 2 682,7 млн даляраў)», — паведаміў Белстат.
Найбольшы прырост імпарту забясьпечылі спажывецкія тавары. Аб’ём іх імпарту ў Беларусь вырас за студзень–верасень у параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году на 1,43 млрд даляраў, ці на 14,2%. Зь іх імпарт харчовых тавараў вырас на 605 млн даляраў, імпарт — на 831 млн.
Вонкавага гандлю Беларусі не ратуе экспарт паслугаў. Ён склаў за 9 месяцаў 8,4 млрд даляраў, станоўчае сальда экспарту — 3 млрд даляраў, але яно не перакрывае адмоўнага сальда гандлю таварамі.
Статыстычны камітэт з 2021 году не дае інфармацыі пра гандаль Беларусі з канкрэтнымі краінамі сьвету. Ведамства дае толькі абагульненыя лічбы гандлю з краінамі СНД і з астатнім сьветам.