Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Літвы заявілі, што просяць у Эўразьвязе абмежаваньняў для беларускіх калію і авіяцыі


Кястуціс Будрыс
Кястуціс Будрыс

Зусім нядаўна літоўскія ўлады заяўлялі адваротнае, што ня будуць настойваць на пашырэньні санкцый супраць Беларусі.

У сувязі з працягам пагрозы кантрабандысцкіх паветраных шароў зь Беларусі літоўскі міністар замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што ўлады краіны дамагаюцца ўвядзеньня санкцый Эўрапейскага зьвязу на імпарт беларускіх азотных угнаеньняў, а таксама больш шырокіх санкцый у дачыненьні авіяцыйнай галіны. Міністра цытуе агенцтва BNS.

«Па-першае, гэта авіяцыйны сэктар. Цяпер беларускія самалёты ня могуць лятаць у Эўразьвязе, але могуць быць зарэгістраваныя за межамі Беларусі. Мы хочам абмежаваць ня толькі самалёты, зарэгістраваныя ў Беларусі, але й самалёты, якія належаць беларускім асобам паводле права ўласнасьці», — сказаў міністар на сустрэчы апазыцыйных фракцый у Сэйме 26 лістапада.

«Яшчэ адно важнае пытаньне — і гэта недаробленае хатняе заданьне — гэта абмежаваньні на імпарт азотных угнаеньняў. Азотныя ўгнаенні павінны быць уключаныя ў санкцыйны сьпіс. Рапсавы алей, солі і іншыя групы тавараў», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.

Паводле яго слоў, таксама трэба ўвесьці забарону на інвэстыцыі ў беларускія свабодныя эканамічныя зоны і абмежаваць прадастаўленьне паслуг беларускім кампаніям.

Паводле Будрыса, вельмі важна, каб такое стаўленьне знайшло адлюстраваньне і ў дакумэнтах ЭЗ.

«Першае, і гэта найважнейшае: каб у санкцыйным рэжыме для Беларусі зьявіўся новы крытэр — на якой падставе Эўразьвяз уводзіць санкцыі супраць Беларусі. Мы імкнемся да таго, каб там зьявілася „гібрыдная дзейнасьць“ і „гібрыдныя пагрозы“. У цяперашні час унія такога крытэру ня мае», — сказаў ён.

Паводле слоў міністра, мэта таксама заключаецца ў тым, каб NATO разглядала запуск кантрабандысцкіх паветраных шароў як гібрыдную дзейнасьць супраць Літвы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG