— Апошнія выказваньні Лукашэнкі наконт Усебеларускага народнага сходу пакідаюць уражаньне, што ён дагэтуль ня вызначыўся, для чаго яму патрэбная гэтая структура. Ці можна сказаць, што ён дакладна ўяўляе ролю УНС у сваёй палітычнай сыстэме?
— Мне не здалося, што ў яго ў галаве зьявілася нейкая яснасьць, для чаго гэта трэба. Падобна, яму патрэбна было сапраўды прымераць гэтае крэсла на сябе — падыдзе ці не.
І калі, відавочна, ён вырашыў, што не падыдзе, тады зьявілася пытаньне, навошта яно ўвогуле. І пачалася пракрастынацыя з адсоўваньнем тэрмінаў правядзеньня УНС. І спроба Лукашэнкі сьпіхнуць на яго сваю нелюбімую тэму разважаньня над стратэгіяй.
Магчыма, тут мы назіраем спробу дэлегаваць, падзяліць адказнасьць. Маўляў, народ павінен прыняць, абмеркаваць. Аднак усім зразумела, што ў фармаце некалькіх тысячаў чалавек немагчыма нічога абмеркаваць. Можна ўхваліць — але спрачацца абсалютна немагчыма. Фармат увогуле не прадугледжвае гэтага.
І цікавае ягонае какецтва наконт супрацьстаяньня УНС з будучым прэзыдэнтам. Я ня веру, што гэта ўвогуле магчыма.
— Ён назваў гэта найбольшай небясьпекай…
— Гэта насамрэч настолькі непатрэбная структура, што ніякі новы прэзыдэнт ня будзе зацікаўлены ў яе захаваньні. Каб людзі, якіх ніхто не выбіраў, ухвалілі тое, што ня ўсе зь іх нават разумеюць. Маўляў, кожны на сваім узроўні — і рабочы, і селянін — павінен нешта ўнесьці. Мы ўсе разумеем, што гэта вельмі дзіўная рэч, незразумела, як яна павінна працаваць і што, уласна, павінен туды ўнесьці селянін. Асабліва калі ўлічваць, што ў нас ёсьць для гэтага спэцыяльныя навучаныя людзі ў выглядзе Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Гэта такая псэўданародная рыторыка — маўляў, ня ён гэта прыняў, а народ.
— Некаторыя публіцысты выказваюць вэрсіі, што Лукашэнка можа асьцерагацца УНС, бо туды, маўляў, могуць трапіць стаўленікі Расеі ці нейкіх колаў намэнклятуры і прыняць раптам нейкае нечаканае рашэньне. Іншая вэрсія — калі Расея будзе націскаць, УНС можа прыняць нейкае рашэньне, якое не спадабаецца Маскве, а Лукашэнка скажа Пуціну: я ні пры чым, народ не ўхваліў. Ці магчымыя такія варыянты?
— Я ня думаю, што сёньня можа праявіцца нейкая бездапаможнасьць Лукашэнкі. Ён гэтых людзей сам адбірае, прычым паводле выпадковай прыкметы, што ўвогуле не зафіксавана ні ў якіх канстытуцыях. Таму, зразумела, гэтыя будуць падтрымліваць таго, хто іх прызначае.
Ніякі канфлікт інтарэсаў тут не закладзены першапачаткова. Тут няма ніякай шчыліны, месца для апазыцыі. Той, хто вырашае, той і вызначае, хто будзе ў гэтым УНС.
Фармальна сход можна выкарыстоўваць у тым аспэкце, што, маўляў, народ вырашыў тое і тое. Але гэта будзе настолькі бездапаможна й жаласна, што ніякага Пуціна, вядома, гэтым не пераканаць.
Ды і ў гэтым жа фішка аўтарытарызму, што табе не патрэбны фактычна народ, каб штосьці рабіць ці не рабіць. У лёгіцы аўтакрата — навошта ты, уласна, патрэбны на чале гэтай дзяржавы, калі ня можаш рабіць так, як табе трэба. Таму я ня думаю, што гэта можа выкарыстоўвацца.
— Раней Усебеларускі народны сход, які існуе з 1996 году, меў цалкам канкрэтную функцыю — кажучы савецкай мовай, «одобрямс», ухваляць рашэньні кіраўніцтва. Але калі ў лютым 2022 году прынялі папраўкі ў Канстытуцыю, то роля УНС была радыкальна падвышаная. Гэта ці не галоўны ўладны орган. І мо цяпер Лукашэнка думае, як бы гэты орган пасунуць назад, каб не разбалянсаваць усю сыстэму ўлады?
— Сыстэма ўжо ў значнай ступені разбалянсаваная. Лукашэнка ўпарта спрабуе перакладаць рашэньне ўсіх праблемаў, ён гэта называе выдатным словам «каскадзіраваць». Ён — на ўрад, урад — на выканкамы, выканкамы — на райвыканкамы. Карацей, зрабіце як-небудзь, а я ўсе рашэньні ўжо прыняў. Таму для яго роля кіраўніка УНС вельмі арганічная: сядзець на чале вялікага калектыву, які ніхто не выбіраў, і вырашаць тое, што, увогуле, ужо вырашана. І нічога не патрабуецца, ніякага дадатковага абмеркаваньня й гэтак далей.
— Намэнклятура ў прынцыпе спадзявалася, што пасьля 2020-га Лукашэнка пачне нейкім чынам дзяліцца ўладай. Думалі, што і новая Канстытуцыя для гэтага. Сам Лукашэнка казаў, што «будзе ў вас іншы прэзыдэнт». Ці гэта, па-вашаму, магло выклікаць нейкае незадавальненьне ў намэнклятуры — хаця б унутранае?
— Думаю, што насамрэч настрой чыноўнікаў мы недастаткова ўлічваем. Ён не такі добры, як хацелася б Лукашэнку. Ён ім абяцаў, што сыдзе, але не сышоў ні на УНС, нікуды. Мяркую, гэтае расчараваньне зьвязанае з тым, што людзі не атрымалі ўлады й грошай, на якія яны спадзяваліся.
Аднак да УНС гэта ня мае ніякага дачыненьня. Усім зразумела, што ўлада — гэта іншае, гэта ў іншым месцы. Тыя людзі, якія адпрацавалі на гэтую ўладу шмат гадоў, ужо хацелі б, напэўна, атрымаць штосьці грашыма, нейкімі магчымасьцямі, прывілеямі. А не бясконцы ціск і немагчымасьць рэалізаваць нейкія праекты.
Я думаю, многія зь іх пачуваюцца нерэалізаванымі, пакрыўджанымі. Лукашэнка абяцаў, што сыдзе. І тое, што ён гэтае абяцаньне ня выканаў, многіх расчаравала. І ўся рыторыка цяпер — маўляў, патрывайце яшчэ — ня думаю, што кагосьці можа суцешыць. Гэта ня тое, чаго людзі чакалі, на што спадзяваліся.
Думаю, Лукашэнка недаацэньвае незадаволенасьць уласных чыноўнікаў, канфлікты паміж імі, у тым ліку даволі жорсткія й непрыемныя. Некаторыя ўжо намеціліся публічна, некаторыя яшчэ не публічныя, але ўжо відаць, што вэртыкаль — ужо не маналіт. Вось такое зборышча даволі фрустраваных, нэрвовых людзей, якія спрабуюць сябе захаваць.
— Выглядае, апошнім часам стала значна больш крымінальных справаў супраць людзей, блізкіх да ўлады. Гэта можа быць адлюстраваньне тых працэсаў, пра якія вы кажаце?
— Думаю, так. Гэта перадзел уласнасьці, у тым ліку гэта акно магчымасьцяў зараз, калі можна прапхнуць рэпрэсіі супраць сваіх ня толькі нейкімі карупцыйнымі аргумэнтамі, але і сказаўшы, што ён там «БЧБшных» падтрымліваў. Я думаю, гэта таксама зараз цалкам шырока выкарыстоўваецца.
Таму справы распачынаюць і супраць тых, каго пры іншых умовах, напэўна, не чапалі б. Таму я б сказала, што сёньня ў зоне бясьпекі ў Беларусі практычна нікога. Насамрэч, калі ў цябе ёсьць хоць штосьці, што можа быць аб’ектам інтарэсу сілавікоў, калег, партнэраў — цяпер момант, калі гэта могуць паспрабаваць у цябе «адціснуць». І гэта можа тычыцца актываў, а таксама ўлады, паўнамоцтваў і гэтак далей.
Форум