Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Трампа абмяркоўвае зь Менскам вызваленьне ня менш як 100 палітвязьняў, — Reuters


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. Джон Коўл, памочнік Келага, — справа. Чэрвень 2025 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. Джон Коўл, памочнік Келага, — справа. Чэрвень 2025 году

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае з уладамі Беларусі магчымасьць хуткага вызваленьня сама меней 100 палітычных зьняволеных.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на «тры крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй».

Адзначаецца, што дыялёг вядзецца «ў рамках збліжэньня паміж ЗША і хаўрусьнікам Расеі».

Агенцтва ўдакладняе, што «хоць аўтарытарная дзяржава вызваліла дзясяткі затрыманых у некалькі этапаў з моманту ўступленьня прэзыдэнта Дональда Трампа на пасаду ў студзені, амэрыканскія ўрадоўцы хочуць дамагчыся вызваленьня больш за 100 зьняволеных у рамках адной угоды».

Амэрыканскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што «ўзаемадзеяньне адміністрацыі Трампа з Беларусьсю ёсьць часткаю доўгатэрміновай, шырэйшай стратэгіі вываду Менску з геапалітычнай арбіты Масквы, няхай нават у нязначнай ступені».

На іхную думку, «нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, зважаючы на тое, што Беларусь доўгі час была пастаяннай крыніцай раздражненьня для NATO і верным саюзьнікам Расеі».

Пры гэтым агенцтва нагадвае, што «большасьць эўрапейскіх краін трымаюцца ад Менску на адлегласьці праз глыбокія сувязі Беларусі з Расеяй і дрэнную сытуацыю з правамі чалавека ў краіне». «У мінулым месяцы ЭЗ узмацніў жорсткасьць санкцыяў супраць Беларусі», — гаворыцца ў публікацыі.

Дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская на брыфінгу ў Варшаве 24 лістапада паведаміла, што правяла перамовы з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джонам Коўлам.

На тэму далейшага вызваленьня палітвязьняў яна сказала: «Мы аднолькава разумеем сытуацыю. Спадар Коўл прыкладае вялікія намаганьні, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў і дабіцца спыненьня рэпрэсіяў. І каб людзі мелі магчымасьць застацца ў Беларусі таксама. Я шчыра спадзяюся, у бліжэйшыя тыдні будуць добрыя навіны».

Яна ўдакладніла, што дэмакратычныя сілы разам з праваабаронцамі падрыхтавалі «ўсю неабходную інфраструктуру, каб прыняць палітвязьняў у Польшчы і Літве і забясьпечыць іх самым неабходным».

9 лістапада Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі. «Ён ужо пасьпяхова дабіўся вызваленьня 100 закладнікаў і мае намер дабіцца вызваленьня яшчэ 50. Загадзя хацеў бы падзякаваць паважанаму прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго ўвагу да гэтых пытаньняў».

20 лістапада Лукашэнка паведаміў, што ў сьнежні, хутчэй за ўсё, у яго адбудуцца «чарговыя перамовы з амэрыканскімі прадстаўнікамі».

Як паведаміла выданьне «Позірк», такую заяву Лукашэнка зрабіў 20 лістапада на сустрэчы з кіраўніком ягонай адміністрацыі Дзьмітрыем Крутым.

«Хутчэй за ўсё, яшчэ ў сьнежні ў нас перамовы з нашымі амэрыканскімі партнэрамі, прынамсі мы на гэта арыентуемся. Таму графік працы каб быў дакладна вывераны, [каб] я разумеў, дзе я патрэбны, дзе не патрэбны і што мы там можам зрабіць», — сказаў Лукашэнка.


  • У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленьні (з далейшым вывазам у Літву) дзьвюх групаў беларускіх палітвязьняў, а таксама замежных грамадзян бяз гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14 чалавек, 11 верасьня — 51 чалавека.
  • 14 кастрычніка на нарадзе ў пытаньнях «глябальнай міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх адносінаў» Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці да «вялікай угоды» з ЗША.
  • 11 верасьня і 4 лістапада ЗША ў два этапы зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія», у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненьне да Лукашэнкі і кампаніі «Славкалий», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG