Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомель на адкрыцьцё помніка Ракасоўскаму прыехаў памочнік Пуціна Мядзінскі, адзін з ідэолягаў «русского мира»

абноўлена

Помнік Ракасоўскаму ў Гомлі. 26 лістапада 2025 году
Помнік Ракасоўскаму ў Гомлі. 26 лістапада 2025 году

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб урачыстым адкрыцьці ў Гомлі помніка маршалу Савецкага Саюзу Канстанціну Ракасоўскаму.

Як адзначаецца ў паведамленьні, у цырымоніі ўдзельнічалі намесьнік міністра абароны Беларусі Аляксандар Навуменка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка і Ўладзімір Мядзінскі — памочнік расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

«Кажуць, што без мінулага няма будучыні. Гісторыя наша няспынная. І павага да яе — той падмурак, які дазваляе нам верыць у заўтрашні дзень. Я веру, што такія постаці, як маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі, змацоўваюць нашу гісторыю, аб’ядноўваюць нашы народы. І прымушаюць верыць, што пакуль мы разам, пакуль мы адзіныя, перамога, якую нёс маршал Ракасоўскі, заўсёды будзе за намі», — сказаў Мядзінскі.

Помнік Ракасоўскаму створаны і ўсталяваны супольна Расейскім вайскова-гістарычным таварыствам, якое ўзначальвае Мядзінскі, і Гомельскім гарвыканкамам. Яго паставілі ў цэнтры Гомля, на вуліцы Савецкай у сквэры паблізу ААТ «Праца». Аўтар — расейская скульптарка Юлія Пашына.

Адкрыцьцё помніка прымеркавалі да 82-й гадавіны з дня вызваленьня Гомля ад нацысцкіх захопнікаў. Пасьля адкрыцьця помніка ў Гомлі адбыліся парад вайсковай тэхнікі і войскаў, выстава ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі.

У 1967 годзе за заслугі ў вызваленьні абласнога цэнтру ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Канстанціну Ракасоўскаму прысвоілі званьне ганаровага грамадзяніна Гомля. Ён нарадзіўся ў Целяханах, якія цяпер у Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці.

Гомельскія ўлады арганізавалі Мядзінскаму сустрэчу з студэнцтвам Гомля

Як паведаміла выданьне sb.by, сустрэча праходзіла ў гістарычным палацы Румянцавых і Паскевічаў.

На сустрэчы Мядзінскі шмат гаварыў аб патрэбе выкладаньня гісторыі для захаваньня праўды, а таксама адзначыў, што «расейскія і беларускія гісторыкі знаходзіцца ў пастаянным кантакце» ў справе рыхтаваньня падручнікаў гісторыі.

Рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Сяргей Хахомаў падарыў Мядзінскаму торт у выглядзе друкавальнай машынкі, «якая адлюстроўвае цесную сувязь легендарнага палкаводца маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага з ВНУ ў гады Вялікай айчыннай вайны».

Разам з тортам расейскаму госьцю перадалі копіі лістоў, якія калектыў Гомельскага пэдагагічнага інстытуту ў 1944 годзе накіраваў Ракасоўскаму. Мядзінскі паабяцаў, што яны папоўняць экспазыцыю Музэю вайсковай гісторыі Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства.

Хто такі Мядзінскі

Уладзімір Мядзінскі — ураджэнец Чаркаскай вобласьці Ўкраіны. Мае ступени доктара палітычных і гістарычных навук. Шэраг гісторыкаў і адмыслоўцаў абвінавачвалі яго ў плягіяце дысэртацыі ў гісторыі. Пэўны час працаваў міністрам культуры Расеі, быў дэпутатам Дзяржаўнай думы і чальцом бюро найвышэйшай рады партыі «Адзіная Расея». Адзін з галоўных дарадцаў Пуціна ў пытаньнях гісторыі.

Быў кіраўніком расейскай дэлегацыі на перамовах у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі «Ляскавічы» між дэлегацыямі Ўкраіны і Расеі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе. Пад санкцыямі ЗША з 2017 году і Канады з 2022 году.

Мяркуюць, што менавіта Мядзінскі — сапраўдны аўтар артыкулу Ўладзіміра Пуціна «Об историческом единстве русских и украинцев», які быў апублікаваны ўлетку 2021 году і абгрунтоўваў неабходнасьць палітычнага абʼяднаньня трох народаў — украінцаў, расейцаў і беларусаў,

У лютым 2024 году стала вядома, што Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў гісторыі для школ і вышэйшых навучальных установаў. Тады ж падпісалі дакумэнты аб стварэньні расейска-беларускай камісіі ў пытаньнях гісторыі. Расейскую частку камісіі ўзначаліў Мядзінскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG