Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кішынёў выказаў пратэст Маскве праз інцыдэнт з дронамі, якія заляцелі ў краіну


Расейскі бесьпілётнік Gerbera прынесьлі да МЗС Малдовы, каб паказаць расейскаму дыплямату, 26 лістапада 2025 году
Расейскі бесьпілётнік Gerbera прынесьлі да МЗС Малдовы, каб паказаць расейскаму дыплямату, 26 лістапада 2025 году

Расейскі дыплямат сказаў, што дрон, які прызямліўся на даху будынку ў раёне Фларэшты Малдовы, прывезьлі з Харкава.

Міністэрства замежных справаў Малдовы выклікала пасла Расеі для асаблівых даручэньняў Алега Озерава і ўручыла яму ноту пратэсту ў сувязі з залётам на малдоўскую тэрыторыю шасьці расейскіх бесьпілётнікаў падчас абстрэлу Расеяй Украіны.

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, замежнапалітычнае ведамства Малдовы заявіла, што такія інцыдэнты «абсалютна недапушчальныя», яны становяць сабой «сур’ёзнае парушэньне сувэрэнітэту Рэспублікі Малдова і беспасярэднюю пагрозу нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы».

Малдова заклікала Расею спыніць усе дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы краіны, і паважаць яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.

На выхадзе з МЗС расейскаму дыплямату паказалі расейскі бесьпілётнік Gerbera, які 25 лістапада зьнялі з будынку вартаўніка саду ў вёсцы Кухурэшці-дэ-Жос у раёне Фларэшты. Гэта зрабілі, бо 20 лістапада, калі таксама быў інцыдэнт з расейскім дронам у Малдове, Озераў заявіў пра брак доказаў таго, што бесьпілётнік зроблены ў Расеі.

Гэтае фота з расейскім дронам на даху будынку ў раёне Фларэшты 25 лістапада апублікавала паліцыя Малдовы
Гэтае фота з расейскім дронам на даху будынку ў раёне Фларэшты 25 лістапада апублікавала паліцыя Малдовы

Алег Озераў заявіў, што дрон з такім нумарам быў заўважаны 18 лістапада ў раёне Харкава і яго прывезьлі ў Малдову з мэтай правакацыі.

«Вы сапраўды мяркуеце, што дрон мог прызямліцца на дах і нічога не пашкодзіць?», — зьвярнуўся ён да журналістаў.

Для пацьверджаньня сваіх словаў ён паказаў фатаздымкі наступстваў падзеньня бесьпілётнікаў у Польшчы і ў расейскім Белгарадзе.

Расейскі дыплямат настойвае на расьсьледаваньні, бо мяркуе, што могуць быць «апэрацыі пад замежным сьцягам або спробы яшчэ больш пашкодзіць адносінам Расеі з Рэспублікай Малдова, якія і так ужо знаходзяцца на найніжэйшым узроўні ў гісторыі».

25 лістапада малдоўская паліцыя апублікавала фота расейскага бесьпілётніка, патлумачыўшы брак разбурэньняў тым, што такія віды дронаў могуць аўтаматычна прызямляцца, калі заканчваецца паліва, а гэта не дазваляе адбыцца выбуху.

У ноч на 25 лістапада расейскія войскі нанесьлі масаваны ўдар па Ўкраіне — пацярпелі Кіеў, Адэская, Сумская, Харкаўская, Запароская, Херсонская, іншыя вобласьці краіны. Паўсюль былі загінулыя і параненыя.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тады заявіў, што Расея выкарыстала 22 ракеты розных тыпаў і больш за 460 дронаў, чатыры зь якіх заляцелі на тэрыторыі Малдовы і Румыніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG