Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Нямеччыны пасьля сустрэчы зь Ціханоўскай заявіў, што ціск на Лукашэнку працягнуць


Кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёган Вадэфуль
Кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёган Вадэфуль

Нямеччына выступае на баку беларускага народу, грамадзянскай супольнасьці і «супольнасьці выгнаньнікаў», заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства краіны Ёган Вадэфуль пасьля сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай 26 лістапада ў Бэрліне.

«Яны могуць разьлічваць на нас у сваёй барацьбе за свабоду. Ціск на Лукашэнку будзе працягвацца. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя», — напісаў Вадэфуль у сацыяльнай сетцы Х.

Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка, на сустрэчы з Вадэфулем Ціханоўская падкрэсьліла, што ад сёлетніх перамоваў аб Украіне залежыць і лёс Беларусі, мір павінен быць заключаны на ўкраінскіх умовах. Важна, каб Беларусь аднавіла сувэрэнітэт і не засталася пад кантролем Расеі, неабходны вывад расейскіх войскаў і ядзернай зброі зь беларускай тэрыторыі.

Ціханоўская, паводле Вячоркі, спадзяецца, што Эўразьвяз і Нямеччына будуць голасам у падтрымку сувэрэнітэту Беларусі.

На сустрэчы абмеркавалі таксама «гібрыдныя атакі з боку рэжыму супраць Польшчы і Літвы зь мігрантамі, паветранымі балёнамі, захопам грузавікоў» і супрацьдзеяньне гэтаму, у тым ліку з дапамогай санкцыяў.

Ціханоўская зьвярнулася з просьбай працягнуць падтрымку незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасьці і культурных ініцыятываў празь нямецкія фонды і праграмы, у тым ліку Форум гістарычных дасьледаваньняў, фінансаваньне якога было спынена.

Ціханоўская знаходзіцца з візытам у Нямеччыне 25–28 лістапада на запрашэньне Вадэфуля.

26 лістапада адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Бундэстагу Юліяй Клёкнэр. Ціханоўская падзякавала ёй за падтрымку ініцыятывы стварэньня парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», першы збор якой адбудзецца падчас яе візыту.

Ціханоўская падкрэсьліла, што група стане важнай пляцоўкай для сыстэмнай, доўгатэрміновай працы зь беларускімі дэмакратычнымі структурамі і дапаможа трымаць беларускае пытаньне на палітычным парадку дня Нямеччыны і ЭЗ.

На сустрэчы абмеркавалі намаганьні дзеля вызваленьня палітвязьняў, дамовіліся працягваць супрацу паміж Бундэстагам і інстытутамі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Юлія Клёкнэр запэўніла, што Бундэстаг падтрымлівае і будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, беларускіх палітвязьняў і грамадзянскую супольнасьць, а таксама гатовы надалей разьвіваць супрацу зь беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG