Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў назваў дзейнасьць АДКБ (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы) у 2025 годзе пасьпяховай і перадаў старшыняваньне ў наступным годзе Расеі.
«Кіргізстан гатовы да актыўнага ўдзелу ў арганізацыі ў часе старшыняваньня Расеі», — сказаў Садыр Джапараў.
Пераймаючы старшыняваньне, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў, што краіны АДКБ дэманструюць «сапраўднае саюзьніцтва, павагу інтарэсаў адна адной і падтрымку».
Пуцін заявіў, што прыярытэтамі арганізацыі ў 2026 годзе пад старшыняваньнем Расеі будзе забесьпячэньне нацыянальных войскаў краін АДКБ расейскімі ўзбраеньнямі і тэхнікай, якая прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць у рэальных баявых умовах, а таксама першачарговае разьвіцьцё авіяцыйных сілаў і сродкаў супрацьпаветранай абароны.
Паводле яго, лёзунгам супрацы ў межах АДКБ стане «Калектыўная бясьпека ў шматпалярным сьвеце: адзіная мэта — агульная адказнасьць».
Кіраўнікі дэлегацый ухвалілі без абмеркаваньня і падпісалі амаль 20 дакумэнтаў, у тым ліку выніковую дэклярацыю, у якой ацэньваецца ваенна-палітычная сытуацыя ў сьвеце.
У зале, дзе праходзіла паседжаньне, выставілі дзяржаўныя сьцягі ўсіх дзяржаваў АДКБ, у тым ліку армянскі, хоць Армэнія ўжо доўгі час не бярэ ўдзелу ў самітах і іншых захадах гэтай арганізацыі.
Наступны саміт АДКБ пройдзе 11 лістапада 2026 году ў Маскве.
Пра што заявіў Лукашэнка
Як паведаміў Telegram-канал «Пул первого», паседжаньню Савету калектыўнай бясьпекі папярэднічала сустрэча кіраўнікоў дэлегацый у вузкім фармаце.
На гэтай сустрэчы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што шматбаковыя мэханізмы кантролю над узбраеньнямі або цалкам разбураныя, або страцілі эфэктыўнасьць праз «брак даверу і канфрантацыю».
«Апроч нарошчваньня вайсковага патэнцыялу, нашы суседзі актыўна прапаведуюць палітыку ізаляцыі і разьдзяляльных лініяў. Спэктар вельмі шырокі — ад незаконных эканамічных санкцыяў да закрытага неба і межаў. Мы за дыялёг, і гэта дэманструем у сваёй палітыцы. Шчыры, адкрыты, без ультыматумаў і папярэдніх умоваў», — заявіў Лукашэнка.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА адзначыла, што Лукашэнка падтрымаў «намаганьні» Крамля ў пытаньнях мірнай дамовы з Украінай.
«Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы падтрымліваем вашы (Расеі. — Заўвага БелТА) намаганьні ў мірнай дамове з Украінай. Я ўчора сказаў: калі амэрыканцы будуць паводзіцца як дыпляматы і сапраўдныя юрысты, гэта дамова будзе ўзгодненая. Паколькі ўжо асноўныя моманты ўзгаднілі», — паведаміў ён.
«Цяпер, як у нас кажуць, мяч на ўкраінскім баку. І думаю, што ў сувязі з тымі падзеямі, якія разьвіваюцца на фронце, Украіна пойдзе на гэтую мірную дамову. У адваротным выпадку страціць краіну цалкам», — дадаў Лукашэнка.
АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-удзельніц». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
З 2024 году Армэнія прыпыніла ўдзел у палітычных і вайсковых захадах арганізацыі. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт АДКБ.
Форум