Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль літоўскія фуры застаюцца заблякаванымі, МЗС Беларусі накіраваў Вільні ноту з патрабаваньнем кансультацыяў на палітычным узроўні


Будынак МЗС Літвы, архіўнае фота
Будынак МЗС Літвы, архіўнае фота

Беларусь надалей не выпускае з краіны больш за 1000 заблякаваных літоўскіх фураў і патрабуе не тэхнічных, а палітычных кансультацыяў.

МЗС Літвы пацьвердзіла атрыманьне ноты зь Беларусі з патрабаваньнем палітычных кансультацыяў, паведамляе BNS.

«Адзінае патрабаваньне, якое Беларусь выставіла Літве, — гэта правядзеньне палітычных кансультацыяў», — паведаміла BNS дарадца міністра замежных справаў Крысьціна Белікава.

Раней міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Беларусь дамагаецца адкрыцьця каналу сувязі «на ўзроўні палітычных прадстаўнікоў».

«Гэта азначае разьвязаньне пытаньня не тэхнічнымі сродкамі, а шляхам дыпляматычных перамоваў», — растлумачыў ён.

Паводле міністра, Беларусь заняла такую пазыцыю пасьля таго, як МЗС Літвы заявіў ёй пратэст у сувязі з дыскрымінацыйнымі дзеяньнямі супраць літоўскіх перавозьнікаў.

Літва закрывала мяжу зь Беларусьсю на месяц праз пагрозу прылёту кантрабандных паветраных балёнаў, але ў спадзеве на паляпшэньне сытуацыі вырашыла адкрыць яе на дзесяць дзён раней за плянаваны тэрмін. Нягледзячы на аднаўленьне працы двух памежных пунктаў, Беларусь не выпускае літоўскія грузавікі назад у Літву. Літоўскія палітыкі называюць запускі паветраных балёнаў з кантрабандай гібрыднаю атакаю Менску.

Лёс пагадненьня 1992 году

Літоўскія мэдыя паведамляюць, што Менск можа спрабаваць спагнаць патэнцыйныя даўгі з уласьнікаў захраслых у Беларусі грузавікоў у літоўскіх судах, бо Вільня не дэнансавала пагадненьня аб узаемнай праўнай дапамозе. Прэмʼер Літвы Інга Ругінене абяцае задумацца аб гэтым.

«Нам абавязкова трэба будзе абмеркаваць гэтае пытаньне», — сказала Ругінене ў чацьвер, адказваючы на пытаньне Žinių radijas, ці бачыць яна патрэбу дэнансацыі гэтага пагадненьня.

Літва дагэтуль не дэнансавала пагадненьня зь Беларусьсю аб узаемнай праўнай дапамозе ад 1992 году, паводле якога ўсе судовыя рашэньні Беларусі ў аднабаковым парадку перадаюцца Літве, прызнаюцца законнымі і падлягаюць выкананьню. Гэта азначае, што Літве давядзецца выканаць распараджэньне беларускіх судоў аб спагнаньні зь літоўскіх перавозьнікаў запазычанасьці за разьмяшчэньне іхных фураў на спэцыяльных паркоўках.

Паводле прэмʼер-міністаркі, Літва пры патрэбе разгледзіць магчымыя захады ў адказ у адпаведнасьці зь міжнародным правам.

«Калі мы бачым пагрозу бясьпецы авіяцыі, калі мы можам убачыць пэўныя зламысныя дзеяньні і пагрозу жыцьцю нашых грамадзян, то мы, у сваю чаргу, таксама можам ініцыяваць судовы разбор гэтых пытаньняў», — заявіла 27 лістапада Ругінене.

Паводле прэмʼеркі, усё будзе залежаць ад таго, як будзе далей разьвязвацца сытуацыя з паветранымі балёнамі, якія запускаюць зь Беларусі, і грузавікамі, якія яна ўтрымлівае:

«Ці працягнем мы нагнятаць гэтую сытуацыю з абодвух бакоў, ці проста пагодзімся спыніць яе на тэхнічным узроўні, бо і з нашага боку ёсьць вагары ўзьдзеяньня».

У Вільні зноў зьбіраецца Камісія нацыянальнай бясьпекі

«Паколькі кантрабандысцкія паветраныя балёны працягваюць прылятаць у Літву зь Беларусі, а менскі рэжым не выпускае затрыманых літоўскіх грузавікоў, у чацьвер 27 лістапада зноў зьбярэцца на паседжаньне Камісія нацыянальнай бясьпекі. Яна мерыцца абмеркаваць наступствы прынятых рашэньняў і далейшыя дзеянні», — паведаміў BNS дарадца прэмʼер-міністра Ігнас Альгірдас Дабраволскас.

Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму Літвы ў чацьвер таксама плянуе абмеркаваць сытуацыю з кантрабандысцкімі паветранымі балёнамі. Прэмʼер-міністар Інга Ругінене ў панядзелак пацьвердзіла, што ўрад пакідае за сабой права зноў закрыць мяжу ў кожны момант на нявызначаны тэрмін, калі гібрыдная атака Беларусі будзе працягвацца.

24 лістапада Літва выказала Беларусі чарговы пратэст у сувязі з новымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы кантрабандысцкімі мэтэазондамі. У той жа дзень кіраўніца літоўскага ўраду Інга Ругінене ня выключыла магчымасьці паўторна закрыць памежныя пераходы зь Беларусьсю пасьля новых інцыдэнтаў з закрыцьцём Віленскага аэрапорту ўвечары 23-га і ў ноч на 24 лістапада праз новыя прылёты кантрабандных балёнаў.

Пазыцыя МЗС Беларусі

У пачатку лістапада, калі памежныя пункты пропуску яшчэ былі закрытыя, міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што ў сувязі зь перавышэньнем паўнамоцтваў памежнымі службамі далейшыя перамовы зь Літвой будзе весьці Міністэрства замежных справаў. Літоўскія палітыкі адмаўляюцца весьці перамовы на ўзроўні, вышэйшым за тэхнічны.

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, які 25 лістапада знаходзіцца зь візытам у Маскве, зноў назваў пазыцыю ўладаў Літвы стасоўна становішча на мяжы «сытуацыйнай, эмацыйна нястрыманай і ў нейкай ступені нават гістэрычнай», а таксама прадыктаванай з Брусэлю і Вашынгтону.

У той жа час ён заявіў, што беларускі бок настойвае на перамовах на палітычным узроўні, каб канчаткова ўрэгуляваць «усе праблемныя пытаньні на мяжы».

У Менску заявілі, што ў Беларусі заблякаваныя 1818 літоўскіх грузавікоў.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
  • Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
  • А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
  • Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
  • Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
  • Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
  • Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
  • Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG