Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі далі пажыцьцёвыя тэрміны 8 фігурантам справы аб выбуху на Крымскім мосьце ў 2022-м. Ніхто віны не прызнаў


Пажар на Крымскім мосьце, 8 кастрычніка 2022 году
Пажар на Крымскім мосьце, 8 кастрычніка 2022 году

Паўднёвы акруговы вайсковы суд Растова-на-Доне ў Расеі прызнаў васьмёх фігурантаў справы аб выбуху на Крымскім мосьце ў кастрычніку 2022 году вінаватымі ў «тэрарыстычным акце» і «незаконным абарачэньні зброі або выбуховых рэчываў».

Пажыцьцёвыя тэрміны атрымалі грамадзяне Расеі, Украіны і Армэніі: прадпрымальнікі Арцём Азат’ян, Георгій Азат’ян, Алег Анціпаў, Аляксандар Былін, Уладзімір Злоб, Дзьмітрый Цяжолых, а таксама фэрмэр Раман Саломка і кіроўца-дальнабойнік Артур Тэрчаньян, пішуць РІА «Новости», ТАСС і «Медиазона».

Расея збудавала Крымскі мост пасьля анэксіі Крыму. Мост злучае паўвостраў з поўднем Расеі. Яго адкрываў у 2020 годзе асабіста Ўладзімір Пуцін. Гэта адзіная сухаземная пераправа на паўвостраў, мост таксама актыўна выкарыстоўваюць для перакіданьня вайсковай тэхнікі ў Крым і на акупаваныя Расеяй тэрыторыі поўдня Ўкраіны.

8 кастрычніка 2022 году на Крымскім мосьце адбыўся моцны выбух, які выклікаў абвальваньне двух пралётаў аўтамабільнай часткі мосту і моцны пажар на чыгуначнай частцы. Загінулі пяць чалавек: кіроўца грузавіка, які, як высьветлілася, вёз выбухоўку, і чатыры чалавекі ў легкавым аўтамабілі, які ехаў побач.

Расейскія сьледчыя кваліфікавалі выбух як «тэрарыстычны акт». Пуцін абвінаваціў у падрыхтоўцы тэракту ўкраінскія спэцслужбы, а сьледзтва назвала арганізатарам выбуху асабіста кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Васіля Малюка. Пасьля выбуху ў кастрычніку 2022 году ўкраінскія вайскоўцы яшчэ некалькі разоў атакавалі мост морскімі дронамі.

Сам Малюк расказваў украінскім журналістам, што над арганізацыяй выбуху працаваў ён і яшчэ двое супрацоўнікаў спэцслужбы: выбухоўку ім удалося правезьці праз мытны сканэр, зьмясьціўшы яе ў цыліндры-наканечнікі, а іх абматаўшы поліэтыленавай балонай. У Расею іх прывезьлі з Адэсы праз Баўгарыю, Армэнію і Грузію, падмяніўшы дакумэнты.

«Рулёнамі занялі цэлую ёмістасьць — іх сумарная вага ў тратылавым эквіваленце адпавядала 21 тоне», — расказваў Малюк.

Аднак як менавіта выбуховае прыстасаваньне прывезьлі на мост, ён не ўдакладніў, сказаў толькі, што спэцслужба выкарыстала шмат людзей «уцёмную».

Пасьля выбуху расейцы правялі затрыманьні. Усе затрыманыя не прызналі віны і заяўлялі, што ня ведалі, што груз у грузавіку быў выбухоўкай. Кіраўнік лягістычнай фірмы Алег Анціпаў зь Пецярбургу пасьля выбуху сам прыйшоў у ФСБ выказаць здагадку, што на мосьце выбухнуў менавіта ягоны грузавік.

«Калі вывучыць тэкст спрэчак, становіцца відавочна, што сьледзтва мае толькі ўскосныя доказы віны падсудных», падкрэсьлівае «Медиазона». Пры гэтым пракурор Дзяніс Юнашаў заявіў у судзе: «Усе падсудныя былі заадно і выдатна разумелі і ўсьведамлялі, што яны робяць і для чаго».

Акрамя крымінальнай справы аб падрыве мосту, у Расеі пасьля выбуху 8 кастрычніка 2022 году сьледчыя органы рознага ўзроўню завялі дзясяткі крымінальных справаў за «апраўданьне тэрарызму» супраць людзей, якія напісалі аб гэтым выбуху ў сацыяльных сетках. Фігурантаў асуджаюць на рэальныя тэрміны. Сярод асуджаных у гэтых справах — грамадзкі дзяяч зь Цьверу Андрэй Трафімаў, блогер зь Пермі Алег Трацьцякоў, настаўнік гісторыі з Екацерынбургу Аляксей Паказаньеў, дысыдэнт з Санкт-Пецярбургу Аляксандар Скобаў, сацыёляг Барыс Кагарліцкі, шэраг іншых людзей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG