Ён прыехаў для ўдзелу ў Савеце калектыўнай бясьпекі АДКБ (Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы).
Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», паведжаньні праходзілі побач з амбасадай Украіны, у рэзыдэнцыі прэзыдэнта Кіргізстану Садыра Джапарава. Каб Пуцін ня змог пабачыць амбасаду і дзяржаўны ўкраінскі сьцяг над ёю, кіргіскія ўлады разьмясьцілі вялікі LED-экран і патлумачылі, што ён патрэбны для «пратаколу».
Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў назваў дзейнасьць АДКБ ў 2025 годзе пасьпяховай і перадаў старшыняваньне ў наступным годзе Расеі.
«Кіргізстан гатовы да актыўнага ўдзелу ў арганізацыі ў часе старшыняваньня Расеі», — сказаў Садыр Джапараў.
Пераймаючы старшыняваньне, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адзначыў, што краіны АДКБ дэманструюць «сапраўднае саюзьніцтва, павагу інтарэсаў адна адной і падтрымку».
Пуцін заявіў, што прыярытэтамі арганізацыі ў 2026 годзе пад старшыняваньнем Расеі будзе забесьпячэньне нацыянальных войскаў краін АДКБ расейскімі ўзбраеньнямі і тэхнікай, якая прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць у рэальных баявых умовах, а таксама першачарговае разьвіцьцё авіяцыйных сілаў і сродкаў супрацьпаветранай абароны.
Паводле яго, лёзунгам супрацы ў межах АДКБ стане «Калектыўная бясьпека ў шматпалярным сьвеце: адзіная мэта — агульная адказнасьць».
Кіраўнікі дэлегацый ухвалілі без абмеркаваньня і падпісалі амаль 20 дакумэнтаў, у тым ліку выніковую дэклярацыю, у якой ацэньваецца ваенна-палітычная сытуацыя ў сьвеце.
У зале, дзе праходзіла паседжаньне, выставілі дзяржаўныя сьцягі ўсіх дзяржаваў АДКБ, у тым ліку армянскі, хоць Армэнія ўжо доўгі час не бярэ ўдзелу ў самітах і іншых захадах гэтай арганізацыі.
Наступны саміт АДКБ пройдзе 11 лістапада 2026 году ў Маскве.
АДКБ — вайскова-палітычны блёк, мэтамі якога заяўленыя «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаваў-удзельніц». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
З 2024 году Армэнія прыпыніла ўдзел у палітычных і вайсковых захадах арганізацыі. Сёлета ў сакавіку Армэнія афіцыйна апавясьціла сакратарыят АДКБ, што ня будзе плаціць складак у бюджэт АДКБ.
Форум