Былая генэральная дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч, якая пайшла з пасады некалькі дзён таму, прызначаная дарадніцай-пасланьніцай амбасады Беларусі ў Расеі.
Ірына Акуловіч стала вядомай у жніўні 2018 году, калі Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за «несанкцыянаваны доступ» да платнай падпіскі БелТА. Нібыта незалежныя журналісты незаконна карысталіся паролямі і ўваходзілі ў сыстэму навінаў, якія рыхтавала дзяржаўнае агенцтва.
Акуловіч узначаліла агенцтва акурат у тым годзе, у красавіку.
4 сакавіка 2019 году суд пакараў галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву штрафам у 7650 рублёў. Таксама Золатава мусіла сплаціць 6000 рублёў судовых выдаткаў (на аплату адвакатаў БелТА). Да ўваходу прысуду ў законную сілу Марына Золатава была з падпіскай пра нявыезд. Грошы, атрыманыя ад іншых асуджаных фігурантаў справы ў выглядзе штрафу, былі перададзеныя, паводле Акуловіч, на дабрачыннасьць.
Пазьней Акуловіч у часе выбараў і пратэстаў 2020 году падтрымала Лукашэнку.
У 2022 годзе Акуловіч назвала «пастаноўкай» кадры наступстваў расейскіх ваенных злачынстваў ва ўкраінскай Бучы.
«Карцінкі, якія мы з вамі бачылі з Бучы, — мы выдатна разумеем, што гэта фэйк. Усе гэта разумеюць. Але ж у вачах у нас гэта засталося, бо карцінкі гэтых вуліц мы памятаем. І колькі зараз разоў будуць тлумачыць, хто і як гэта зрабіў, якія здымкі з космасу, але выкарыстана эмоцыя і гэта назаўсёды застанецца ў кожным выпадку з намі, калі мы будзем казаць слова „Буча“», — сказала тады Акуловіч.
БелТА пад кіраўніцтвам Акуловіч, паводле аналізаў Беларускай асацыяцыі журналістаў і Радыё Свабода, ператварылася ў яшчэ адзін канал расейскай і антыўкраінскай прапаганды ў часе вайны.
«Кібэрпартызаны», якія ў канцы 2023 году ўзламалі сайт і ўнутраную сетку БелТА, гаварылі, што заробак Акуловіч на час узлому складаў 7439 рублёў.
У канцы траўня 2024 году зьявілася навіна аб тым, што ў Беларусі зьбіраюцца стварыць уласную мэдыяпляцоўку, аналяг Youtube, але толькі для дзяржаўных СМІ. Тады прапагандысты хацелі выбраць назву пляцоўкі на беларускай мове, але Акуловіч выступіла супраць. На яе думку, гэта дрэнна адбілася бы на пошукавых запытах. У выніку спыніліся на працоўнай назьве «Видео.бел», але з праекту нічога маштабнага не атрымалася.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.
Форум