У запаведніку «Белавеская пушча» паведамілі аб падтапленьні на рацэ Вішня, якая цячэ ў Пружанскім і Камянецкім раёнах Берасьцейскай вобласьці.
«Пры маніторынгу гідралягічных аб’ектаў нацыянальнага парку выявілі падтапленьне на рацэ Вішня ў раёне аднайменнай вёскі. Вызначаны характар падтапленьня, ягоная плошча і прычыны. Прычынай затапленьня тэрыторыі стаў затор у дрэнажных трубах, выкліканы дзейнасьцю баброў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Рака Вішня — важны складнік старажытнага лесу Белавескай пушчы. Гэта прыток ракі Левай Лясной, яе даўжыня 20 кілямэтраў. Вішня фармуе ляндшафт і падтрымлівае ўзровень грунтовых водаў, а таксама служыць домам для мноства відаў кузурак і сысуноў.
У Нацыянальным парку дадалі, што інтэнсіўная дзейнасьць баброў у межах малой ракі, якой і ёсьць Вішня, магла прывесьці да запаволеньня плыні, заглейваньня, перасыханьня ўчасткаў ракі, а таксама парушыць міграцыйныя шляхі водных арганізмаў, трансфармаваць экасыстэмы, зьмяніць тэрмічны і кіслародны рэжым вадаёму.
Адмыслоўцы мусілі пачысьціць дрэнажныя трубы, каб аднавіць нармальны сьцёк вады і ўхіліць падтапленьне.
Гэта ня першы інцыдэнт з прычыны баброў. Сёлета жыхары вёскі Гарадзішча пад Менскам скардзіліся на зьнішчэньне гэтымі жывёламі пладовых і лясных дрэваў. Шмат баброў заўважалі ў Менску, на Сьвіслачы.
Цяпер папуляцыя баброў у Беларусі налічвае больш за 55 тысяч асобін. Згодна з інфармацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі, за апошнія 10 гадоў яна вырасла ў некалькі разоў дзякуючы павелічэньню кармавой базы на ўзьбярэжжах і меншага зацікаўленьня паляваньнем на бабра.
Празь недахоп тэрыторыі бабры пачалі ўсё часьцей зьяўляцца ў паселішчах, дзе грызуць дэкаратыўныя і пладовыя дрэвы.
Прыродаахоўныя інспэкцыі ставяць пасткі на баброў і ловяць іх, каб перасяляць, а дрэвы абараняюць адмысловымі сеткамі.
У Беларусі паляваньне на бабра рэгулюецца — можна паляваць з 1 верасьня да 31 сакавіка з выкарыстаньнем зброі.
Бабры могуць пераносіць шаленства, таму спэцыялісты раяць, пабачыўшы бабра, не заступаць яму дарогу да вадаёму і адысьці ў бок — жывёліна сама пабачыць чалавека і ўцячэ.
Форум