Сустрэча адбылася ў адміністрацыйным будынку «Ынтымак ордо» ў Бішкеку. Аляксандра Лукашэнку прыняў прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Жапараў.
Традыцыйна, у пачатку свайго выступу Лукашэнка расказваў пра рызыкі і пагрозы, якія назапашваюцца вакол межаў АДКБ. Ён адзначыў, што блёк мусіць адрэагаваць на ўзбраеньне краінаў Эўразьвязу. Ён у чарговы раз абвінаваціў у падрыхтоўцы вайны NATO, зьвярнуўшыся да кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Таксама Лукашэнка абвінаваціў у адсутнасьці працы АБСЭ, заявіўшы, што Менск быў бы гатовы праводзіць сустрэчу на міжнародным узроўні, але «камусьці ня хочацца».
Як і чакалася, закрануў ён і тэму вайны ва Ўкраіне.
«Што тычыцца Беларусі, ды я бачу й сёньня па рэакцыі ўсіх сяброў АДКБ, мы падтрымліваем намаганьні Ўладзіміра Пуціна, Расейскай Фэдэрацыі ў рэагаваньні на прапанову ЗША наконт мірнай дамовы ва Ўкраіне. Вельмі спадзяемся, што гэта адбудзецца. Натуральна, пэўным, як мы гэта бачым, сілам у Эўропе трэба адмовіцца ад канфрантацыі».
Лукашэнка заявіў, што калі Ўкраіна ня пойдзе на мірнае пагадненьне, якое цяпер перапрацоўваецца, яна «цалкам страціць краіну». Саму ж дамову ён назваў на гэтым этапе не падрыхтаванай да канца, зробленай па-хуткаму. Пры гэтым адзначыў «калясальную працу» амэрыканскага боку. Прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ён перасьцярог ад «тарпэдаваньня перамоўнага працэсу» і ў чарговы раз абвінаваціў Украіну ў зрыве Менскіх пагадненьняў.
Адказваючы на пытаньне, ці гатовы ён стаць пасярэднікам у мірным урэгуляваньні, Лукашэнка сказаў: «Я не люблю ніякага пасярэдніцтва. Які я буду пасярэднік? Мы ж „агрэсары“ з Уладзімірам Уладзіміравічам. Вы ж чуеце: усе згодныя весьці перамовы ў Беларусі, супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Акрамя Валодзі Зяленскага. Чым я яму насаліў? Я не імкнуся да гэтага».
Акрамя таго, Лукашэнка адзначыў добрыя дачыненьні з Кіргізстанам, дзе, як і ў савецкія часы, закупляецца насеньне бурака. Таксама Беларусь, паводле яго, дапамагла Кіргізстану з палівам, хаця павінна дапамагаць і Расеі, нафтаперапрацоўчыя заводы якой «пачалі руйнаваць украінцы».
Было пытаньне пра былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які даўно хаваецца ў Беларусі, бо на радзіме супраць яго заведзеныя крымінальныя справы. Ён адзначыў, што Бакіеву добра жывецца ў краіне, і ў Кіргізстан яго ўлады Беларусі «ўжо ня пусьцяць». Таксама, паводле Лукашэнкі, часам ён адведвае Бакіева. Лукашэнка абяцаў паразмаўляць зь цяперашнім кіраўніцтвам Кіргізстану, каб дазволіць Бакіеву «наведаць магілу бацькі».
Беларусь пасьля дапамогі Лукашэнкі расейцам у нападзе на Ўкраіну і разгортваньні там поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 году апынулася пад строгімі міжнароднымі санкцыямі. Шэраг беларускіх прадпрыемстваў, банкаў, іншых установаў маюць забарону на апэрацыі ў Эўразьвязе, ЗША і шэрагу іншых краінаў. Амаль у поўнай ізаляцыі апынуўся беларускі спорт: у некаторых відах беларусам дазваляюць выступаць у нэўральным статусе, але ў некаторых нават без афіцыйных сьцягу і гімну выступаць нельга. Беларусь рэгулярна згадваецца побач з Расеяй як «краіна-агрэсар», за яе дапамогу расейцам палівам, супольных вайсковых манэўраў і іншых абставінаў.
Форум