Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская мытня на мяжы зь Беларусьсю затрымала закамянеласьці старажытнай эпохі


Адна з каштоўных закамянеласьцяў, знойдзеных у аўтамабілі
Адна з каштоўных закамянеласьцяў, знойдзеных у аўтамабілі

Супрацоўнікі дарожнага мытнага аддзелу ў Тэрэспалі агледзелі Mercedes, які ўяжджаў у Польшчу. Вынікі былі нечаканымі.

Пад сядзеньнямі, на прыборнай панэлі, у адсеках для дзьвярэй, у скрыні для інструмэнтаў і ў сумцы для дакумэнтаў супрацоўнікі знайшлі 24 закамянеласьці, піша мытня.

Кіроўца не паведаміў пра іх перад аглядам. Пазьней ён растлумачыў, што набыў гэтыя рэчы ў краме ў Берасьці ў якасьці падарункаў сябрам.

Але затым прыйшлі экспэртныя высновы, аналіз зрабілі на просьбу начальніка Люблінскай мытні і падатковай управы. Экспэртызу зрабілі супрацоўнікі Дзяржаўнага геалягічнага інстытуту Польшчы.

Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што беларус кантрабандай правозіў незвычайныя асобнікі. Сярод выяўленых закамянеласьцяў былі восем трылабітаў, 11 зубоў акулы і чатыры надзвычай каштоўныя закамянеласьці прадстаўнікоў эдыякарскай фаўны. Большасьць экспанатаў былі добра захаваныя і падрыхтаваныя.

Эдыякарская фаўна — адзін з найстарэйшых жывых арганізмаў на Зямлі. Асобнікі, знойдзеныя ў Тэрэспалі, паходзяць з так званага «беламорскага выкапнёвага комплексу», які належыць да горнай фармацыі, што датуецца 558-555 мільёнамі гадоў таму (позьні пратэразой — эдыякарыйскі пэрыяд). Гэты раён знаходзіцца ў радыюсе прыблізна 100 км ад Архангельску.

Экспэрт ацаніў усю калекцыю больш чым у 27 000 злотых (звыш 25 тысяч рублёў). Асобнікі маюць у першую чаргу значную навуковую, адукацыйную і выставачную каштоўнасьць, асабліва тыя, што адносяцца да эдыякарыйскай фаўны.

Крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі вядуць Люблінская мытня і падатковая інспэкцыя ў Бялай Падлясцы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG