Цяпер Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі, яго ўвялі ў фармакалягічны сон. Гэта важна, каб даць арганізму магчымасьць мацавацца, ня трацячы сілаў на рух, напісала жонка Мілінкевіча Іна Кулей.
«Стан стабільны. Нэўролягі прымуць рашэньні аб далейшых кроках».
Таксама яна адзначыла, што сваякам дазваляюць наведваць пацыента.
«Вельмі цешыць, што для блізкіх людзей ёсьць гадзіны наведваньня. Таму можна яго бачыць, кранаць, размаўляць. Я расказала Аляксандру пра вялікую колькасьць сяброў, якія падтрымліваюць яго і чакаюць выздараўленьня», — напісала Кулей у сваім фэйсбуку.
25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск.
Аляксандру Мілінкевічу 78 гадоў. Ён паходзіць з Горадні. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, спрыяў беларусізацыі ў горадзе, кіраваў баскетбольным клюбам «Горадня-93». У 2006 годзе быў «адзіным кандыдатам» ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля стварыў грамадзкі рух «За Свабоду» і да 2016 году быў ягоным кіраўніком. Апошнімі гадамі — пазаштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзін з арганізатараў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту».
Форум