Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны алімпійскі камітэт дапусьціў адзіную беларускую спартоўку на зімовую Алімпіяду 2026 году


Вікторыя Сафонава
Вікторыя Сафонава

Расейка зь беларускім пашпартам Вікторыя Сафонава ўжо выступала за Беларусь на Алімпійскіх гульнях чатыры гады таму.

У Пэкіне адбыўся дадатковы адбор на Алімпіяду-2026 у фігурным коўзаньні. У нэўтральным статусе ў адборы выступілі й спартоўцы зь Беларусі. У жаночым адзіночным коўзаньні Вікторыя Сафонава ў суме набрала 181,91 бала і заняла чацьвертае месца. Удзел у Алімпіядзе забясьпечвалі першыя пяць пазыцыяў.

Такім чынам, 22-гадовая Сафонава можа выступіць на Алімпіядзе ў Міляне і Картыне д’Ампэца. Яна стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая трапляе на гэтыя Гульні.

Ураджэнка Масквы зь беларускім пашпартам на самой Алімпіядзе, як і ў адборы, будзе выступаць у нэўтральным статусе. Пасьля кваліфікацыі ў Пэкіне яна чакала рашэньня адмысловай камісіі МАК.

Вікторыя Сафонава нарадзілася ў 2003 годзе і да 2019-га выступала за Расею. Перайшла пад чырвона-зялёны сьцяг перад сэзонам 2019/20 году — і адразу стала лідэркай беларускай зборнай. Пераехаць выступаць за Беларусь Сафонаву падштурхнулі амбіцыі выйсьці на міжнародную арэну, бо ў Расеі яна не вытрымлівала канкурэнцыі за месца ў зборнай, адзначала «Трыбуна».

Але дэбют ня быў лёгкім. За пару дзён да старту на чэмпіянаце сьвету ў Стакгольме ў 2021 годзе Сафонаву зьнялі праз станоўчы тэст на COVID-19.

Фігурыстка ўжо пасьпела 6 разоў стаць чэмпіёнкай Беларусі, то бок стала найлепшай на ўсіх падобных турнірах, у якіх удзельнічала. У 2022 годзе яна ўжо выступала ад Беларусі на Алімпіядзе, тады стаўшы 13-й у агульным заліку — гэта адносна высокі вынік, але ўсё ж далёкі ад мэдалёў. Тым ня менш, для Беларусі вынік Сафонавай стаў найлепшым сярод вынікаў усіх фігурыстаў на Алімпіядах у гісторыі краіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG