Мужчын возьмуць пад варту на два месяцы, як толькі затрымаюць, паведаміў пракурор Артур Казноўскі, піша Wyborcza. Цяпер Нацыянальная пракуратура Польшчы абвесьціць іх вышук.
Мужчынам пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне. Вядома, што пасьля меркаванага ўчыненьня імі падрываў на чыгунцы яны ўцяклі ў Беларусь. Улады Беларусі пасьля патрабаваньня Польшчы заявілі, што ня ведаюць пра месца, дзе хаваюцца два ўкраінцы, але нібыта робяць усё, каб іх адшукаць і затрымаць.
Раней на волю выпусьцілі чатырох грамадзян Украіны, якіх падазравалі ў рыхтаваньні дывэрсіяў на чыгунцы. Сярод іх кіроўца аўтамабіля, на якім ехалі падазраваныя ў дывэрсіі.
У пракуратуры лічаць слушнай вэрсію, што кіроўца ня ведаў, дзеля чаго вязе меркаваных дывэрсантаў на названы адрас. Пры гэтым Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) незадаволенае такім рашэньнем пракуратуры.
Дывэрсіі 15 і 16 лістапада ў Польшчы
Польскія спэцслужбы падазраюць двух украінцаў, завэрбаваных расейскай вайсковай выведкай (ГРУ), як непасрэдных выканаўцаў падрываў: Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава. Абодва прыбылі ў Польшчу зь Беларусі з падробленымі пашпартамі. Іх абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Пасьля ўчыненага нападу яны хутка ўцяклі ў Беларусь, таму спэцслужбы засяродзіліся на пошуку іхных саўдзельнікаў у Польшчы.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў у сераду, 20 лістапада, ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Улады ў Беларусі заявілі, што шукаюць дывэрсантаў на сваёй тэрыторыі, сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.
15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выявілі яшчэ адну выбуховую прыладу, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.
Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.
22 лістапада Цэнтральнае бюро расьсьледаваньняў выставіла абвінавачаньне грамадзяніну Ўкраіны Ўладзіміру Б., затрыманаму паводле падазрэньня ў дапамозе дывэрсантам.
Паводле сьледчых, ён працаваў на расейскую выведку. І ў верасьні падвёз аднаго з падазраваных у дывэрсіі — Яўгена І., на месца, дзе пазьней учынілі злачынства.
Форум