Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» пасьля адмены амэрыканскіх санкцый зьбіраецца купіць новыя самалёты


Самалёт «Белавія» Airbus A330-200 на рэйсе ў Стамбул, 11 кастрычніка 2025 году
Самалёт «Белавія» Airbus A330-200 на рэйсе ў Стамбул, 11 кастрычніка 2025 году

У «сурʼёзнай стадыі прапрацоўкі» ў кампаніі «Белавія» знаходзіцца пытаньне куплі новых самалётаў, заявіў у інтэрвію дзяржтэлеканалу «Першы інфармацыйны» міністар транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, перадае «Позірк».

Паводле яго, у плянах — «набыць ад трох да пяці самалётаў да летняга сэзону, каб па максымуме задаволіць попыт насельніцтва на пералёты ў курортныя гарады», — сказаў чыноўнік.

Сёлета парк перавозчыка папоўнілі два Airbus A330-200, да лютага дадасца яшчэ адзін, дадаў Ляхновіч.

Міністар заявіў таксама, што распрацоўваецца каля 20 новых напрамкаў далёкіх пералётаў, перш за ўсё ў Кітай.

11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці й бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.

У гэты ж дзень пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ўлады Беларусі вызвалілі і вывезьлі з краіны 52 палітычных зьняволеных.

30 верасьня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг на Варшаўскім форуме бясьпекі патлумачыў, што Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш з прычыны бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Захоўвалася забарона на выкарыстаньне паветраных суднаў для перавозкі прадметаў, якія падпадаюць пад дзеяньне правілаў амэрыканскага кіраваньня экспартам (EAR). Да такіх прадметаў адносяцца любыя прадметы, прызначаныя для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны.

Авіяперавозьніку дазволілі абслугоўваньне, рамонт, аднаўленьне і рэстаўрацыю паветраных суднаў, у тым ліку з выкарыстаньнем прадметаў, якія падпадаюць пад экспартны кантроль і былі асобна дазволеныя для экспарту або рээкспарту ў Беларусь або для выкарыстаньня беларускімі паветранымі суднамі.

4 лістапада ЗША часткова зьнялі санкцыі з «Белавія». З-пад санкцый вывелі два самалёты, якія могуць мець дачыненьне да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама верталёт кампаніі «Слаўкалій», якім Лукашэнка імаверна таксама карыстаўся.

Зьнятыя санкцыі і з самалёта Bombardier Challenger 850, якім выкарыстоўваюць для службовых пералётаў прадстаўнікі ўраду.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG