Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракоп’еў: Лукашэнка разьлічвае на пасьпяховую дээскаляцыю, узмацняючы напружанасьць у адносінах зь Літвой


Вадзім Пракоп'еў, каляж
Вадзім Пракоп'еў, каляж

Палітык і бізнэсовец Вадзім Пракопʼеў у праграме «ПіК Свабоды» пракамэнтаваў крызіс у беларуска-літоўскіх адносінах, зьвязаны з запускам паветраных балёнаў з тэрыторыі Беларусі і затрыманьнем у Беларусі літоўскіх фураў і паўпрычэпаў.

Аляксандар Лукашэнка выстаўляе ўмовай вяртаньня літоўскіх грузавікоў перамовы паміж Менскам і Вільняй на палітычным узроўні.

Вадзім Пракопʼеў, адзін зь лідэраў фракцыі «Беларусы» у Каардынацыйнай Радзе, катэгарычна адхіліў магчымасьць, што Лукашэнка ня можа кантраляваць запускі паветраных балёнаў з кантрабандай. «Там усё кантралюецца ўсімі мэтадамі, у тым ліку электроннымі. Шары ляцяць не таму, што Лукашэнка ня можа кантраляваць кантрабанду», — падкрэсьліў ён.

Палітык зазначыў, што Лукашэнка не ўпершыню зьвяртаецца да сілавой дыпляматыі, якая ў мінулым прыносіла яму посьпех. «Думаю, што і зараз ён разьлічвае на эскаляцыю для далейшай дээскаляцыі. Ён мяркуе, што ў Літвы няма выбару», — сказаў Пракопʼеў. Паводле яго слоў, Лукашэнка зьвязвае гэты крызіс з больш шырокімі перамовамі наконт міру ва Ўкраіне, мяркуючы, што Літва цалкам залежыць ад пазыцыі ЗША.

«Як амэрыканцы скажуць, так Літва і зробіць, мяркуе Лукашэнка. Мне цяжка сказаць, памыляецца ён ці не, але я лічу, што Літва сапраўды татальна, абсалютна залежыць ад ЗША. Таму калі ў канфлікт умяшаюцца ЗША, то, напэўна, апраўдаецца меркаваньне Лукашэнкі, што ён можа дазволіць сабе ісьці на эскаляцыю з перавозьнікамі», — сказаў Пракопʼеў.

Ён дадаў, што Літва вымушаная прыслухоўвацца да Вашынгтона, паколькі гаворка ідзе пра яе бясьпеку.

Пракопʼеў таксама зьвярнуў увагу на пазыцыю Брусэля і эўрапейскіх саюзьнікаў Літвы. «Мы жывем па-ранейшаму ў Эўропе, якая без ЗША не зьяўляецца дастаткова моцным субʼектам для супрацьстаяньня з Расеяй», — адзначыў ён.

Камэнтуючы ролю ЗША, Пракопʼеў заявіў пра паглыбленьне водападзелу паміж Эўропай і адміністрацыяй Дональда Трампа. «Яны ўсё яшчэ саюзьнікі. Але ўжо і ня вельмі саюзьнікі. Трамп чакае, што палітычная мапа Эўропы памяняецца — праз год, праз два ці праз тры. І ён паводзіць сябе так, як быццам у яго няма саюзьнікаў у Эўропе. І ён ня так ужо ня мае рацыю. Саюзьнікаў у Эўропе ў яго і сапраўды няшмат», — сказаў беларускі палітык.

У кантэксьце патрабаваньняў Лукашэнкі да Літвы аб перамовах на палітычным узроўні Пракопʼеў нагадаў пра тое, як у разгар міграцыйнага крызісу 2021 году Лукашэнку патэлефанавала тагачасная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. «Лукашэнка пакладаецца на свой вопыт», — сказаў Пракопʼеў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG