Былая палітзьняволеная патрабуе, каб яе азнаёмілі з дакумэнтамі пра падставы вызваленьня і выгнаньня, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Калі я яшчэ была ў калёніі, то бачыла па тэлебачаньні, як раней вызвалялі іншых. Дзяўчатам зачытвалі, што яны памілаваныя, нейкая працэдура вытрымлівалася. А тут ніякай працэдуры не было, і я да канца ня ведаю, ці я памілаваная, ці не. У мяне няма пра гэта аніякіх дакумэнтаў, ніякай даведкі — хто я цяпер, ці магу вярнуцца ў Беларусь. Так не павінна быць, каб чалавека проста вывозілі ў невядомым напрамку», — кажа Ларыса Шчыракова, якая цяпер знаходзіцца ў Вільні.
Лісты ў беларускія дзяржаўныя структуры яна накіравала ў пісьмовым выглядзе. Для адказаў Ларыса Шчыракова падала свае адрасы ў Гомлі і ў Вільні.
- Ларыса Шчыракова — журналістка з Гомля. Яе затрымалі ўвечары 6 сьнежня 2022 году пасьля ператрусу ў яе прыватным доме. Яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў: «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361–4 КК РБ) і «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК РБ) і асудзілі на 3,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
- 11 верасьня 2025 году стала вядома, што Ларыса Шчыракова сярод вызваленых з дапамогай ЗША палітвязьняў. Афіцыйна ўказ пра памілаваньне тады не публікаваўся, аднак прэс-служба Лукашэнкі называла гэта менавіта памілаваньнем. Напрыклад, 11 верасьня прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у размове з расейскай інфармацыйнай агенцыяй ТАСС гаварыла пра «памілаваньне 52 чалавек».
Форум